— Ступіліся падковы, — гаварыў сам з сабою поп. — І трэба было мне ў бездарож. Але…
Ноч была сіня-цёмная. Зьверху, з воблачнага неба, апускалася на рукі і твар папа нешта вільготнае: ня то сьнег, ня то дождж. Дарогі бадай ня відаць было. Поп тут аддаўся волі боскай і волі каня — конь сам ведаў дарогу.
— У бездарож паехаў, але цікава…
Ён даведаўся, што ў Гайдачанах сход, на якім агроном робіць даклад. Ён ведаў, што звычайна, калі сюды прыяжджае агроном, дык спыняецца ў Крушынскага, у якога можна добра паспаць і добра пад‘есьці. У Курганішчы і раённае начальства спыняецца…
…І вось — цікава…
У Крушынскага поп застаў Слупа і Бочку. Яны сядзелі пры гарэлцы і каўбасе.
— А-а-а, бацюшка!
— Неспадзяваны госьць.
Крушынскі дапамог яму зьняць футру.
Айцец Дзьмітры пацягнуў тонкімі ноздрамі.
— Садомам і Гаморай пахне ў вас, — прагаварыў ён баском, і вочкі яго сьвяціліся ад радасьці. — Нічога лепшага няма, калі неспадзяваны госьць зьяўляецца туды, дзе поўны стол, гасьцінны гаспадар і слаўныя госьці.
— Просім, просім!
Папу падсунулі крэсла.
— Сэрца чула, — сказаў поп, — што трэба ехаць сюды. А то нуда заела. Я-ж хачу, каб і да бога і да людзей.
— Правільна, — сказаў Бочка.
— Ум-гу! — дадаў Слуп.
Язэп Крушынскі выбег і праз некалькі хвілін прынёс дзьве бутэлькі віна.
— Ды мне беленькай, праваслаўнай гарэлачкі. Я ўпэўнены, каб Хрыстос хадзіў па зямлі ў нашыя часы, дык раіў-бы эвангелістам прабаваць белай гарэлкі, — сказаў айцец Дзімітры пасьля першай чаркі, выцёр бараду і сам наліў сабе яшчэ адну.
Пачалася гарачая бяседа.
Калі поп трохі падмацаваўся, ён асьцярожненька прагаварыў:
— Я чуў, што сягоньня зноў у Гайдачанах сход.
— А як-жа, агроном спэцыяльна прыехаў. Быў у мяне, — задаволена сказаў Крушынскі і пакруціў адзін вус.
— Якая-ж гэта моц прыгнала яго сюды? — запытаўся айцец Дзімітры.
— Хто яго знае! мабыць колгасы будаваць прыехаў, — адказаў Крушынскі, прыжмурыў адно вока і хітра зірнуў на Слупа і Бочку.
— Ну! — усхапіўся поп, — зноў гэтая самая музыка?
— Не палохайцеся, бацюшка, — пачаў яго Крушынскі супакойваць. — Ня страшна. Мне агроном гаварыў.
— А што?