Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 2-я кніга (1932).pdf/107

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

барабаніць пальцамі пастале з вялікай нецярпялівасьцю. Рукі яго задрыжэлі. У вачох засьвяцілася такое запытаньне: а ну, хто каго?

Зноў „Леў Талстой“ прыхіліўся да вуха Зьмітрака.

— Трэба прызнацца, чытае выкрыкі кулакоў супроць колгасу! Так. Праглядвае іхнія запісаныя мною перагірківаньні з Драчыкам. Так!

Тут агроном ціха хіхікнуў, бліснуў зубамі і давай прыглядацца зацікаўленым і кплівым вокам да „Льва Талстога“.

Стары зноў Зьмітраку на вуха:

— Гэта ён, гад, маё выступленьне цяпер чытае. Так. Я тады тлумачыў Лаўронку, што такое за яно „слова“ на рэволюцыйных сходах. Я тады сказаў коратка і ясна: „слова ня значыць адно, тоісь, слова, а трэба прызнацца многа слоў. Так. Я гэта, каб іншыя ведалі з пэдагогічнага і адваротнага боку. Калі прэзыдыум дае слова, дык… Пры слове „дык“ маю прапанову спыніў тады гучны бясклясавы сьмех гайдачанскай масы. Так.

Зьмітрок засьмяяўся.

— Дык ты і цяпер сьмяешся? — пакрыўдзіўся „Леў Талстой“.

— Ціха…

Стары махнуў рукою, як на безнадзейнага чалавека, і давай зноў глядзець на агрономаўскую „мімрыку“.

Агроном аднэй рукой гладзіць валасы, а пальцамі другой рукі тыркае ў паперу. Ніжэй апускае галаву. У яго вачох ня то радасьць, ня то згода.

„Леў Талстой“ падсунуўся да агронома і з боку зірнуў у паперу. Агроном чытаў выступленьне супроць колгасаў падкулачніка Лаўронка.

У хаце накурана. Гул галасоў расьце.

Старшыня сельсавету падсунуўся да агронома і шапнуў яму на вуха:

— Таварыш Кавалькевіч, сход чакае вашага дакладу.

— Мне трэба пазнаёміцца з вашай ранейшай працай і настроямі сялян.

— Мы-ж вам удзень аб усім гаварылі.

Агроном паглядзеў на „Льва Талстого“ сьмехатлівымі вачыма і сказаў:

— Ваш сакратар так жыва піша пратаколы, што чытаеш іх, як роман.

„Леў Талстой“, пачуўшы гэта, зазьзяў з радасьці.

Тут агроном падняўся і пачаў сваю прамову. Усе былі зацікаўлены тым, што скажа агроном.

Змоўклі жарты, пашаптушачкі. Гайдачане наставілі вушы, выцягнулі шыі. Некаторыя нахілілі галовы і мармыталі:

— Так, так, так.

Слухалі ўсе.


Калі на лёгкіх саначках айцец Дзімітры ехаў да Крушынскага з Глухаўкі ў Курганішча, была адліга. Месцамі конь правальваўся ў лужы, месцамі ён сьлізгаўся.