Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 1-я кніга (1929).pdf/99

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А праўда, няхай Іван Мацьвеевіч вытлумачыць табе, што ты дура, што ты нічога ня цяміш у выхаваньні дзяцей, ні бэлмэса не разумееш.

Сказаўшы гэта, Крушынскі хітра міргнуў Івану Мацьвеевічу.

Агроном павінен быў вырашыць вельмі цяжкую проблему, нават не адну, а некалькі.

Ён разважаў сам з сабою:

… Калі, паводле майго вырашэньня, права будзе за гаспадаром, тады гаспадыня пачне на мяне касавурыцца. А гэта справа нявыгодная, бо ніхто, як пані Ганна, так ня ўмее карміць смачнай і сытнай ежай. Калі яна возьме перавагу, паводле майго прысуду, тады Язэп Сымонавіч ня будзе мець на мяне добрага вока. Гэта будзе яшчэ горш. Калі іх абодвых вінаваціць і зрабіць так, каб я асудзіў іх — гэта зусім не гадзіцца. Зьб’еш іхны гонар — і мой пацерпіць.

Такія развагі прамільгнулі ў думках Івана Мацьвеевіча хутка, у мігаценьне вока.

— Па-мойму, — сказаў ён павольна, расьцягнута і кожнае слова шліфаваў, нібы дарагі камень, і спынкі між словамі цадзіў, як малако праз цадзілку, — па-мойму, Язэп Сымонавіч гаворыць праўду.

Пані Ганна выставіла на яго пару зьдзіўленых і пакрыўджаных вачэй.

Крушынскі зазьзяў ад радасьці і ківаў галавою ў знак згоды.

— Справа ў тым, — гаварыў далей Іван Мацьвеевіч, — што дзецям, бязумоўна, патрэбна воля. Гэта раз. А па-другое, нельга іх адрозьніваць ад іншых дзяцей. Трэба выхоўваць у іх ад маленства пачуцьцё колектыву, сяброўства, бойкасьці, адвагі. Трэба, каб дзеці, ці хлопчыкі, ці дзяўчынкі, загартоўваліся і целам, і думкамі. Словам, Язэп Сымонавіч у даным выпадку разумна разважае.

Пані Ганна стрэльнула на Івана Мацьвеевіча атрутаю злосных вачэй.

Крушынскі спагадліва кіўнуў агроному і пальцамі правай рукі зрабіў жонцы доўгі нос ў знак перамогі, сказаўшы адно толькі слова — кплівае, абражаючае, атруйлівае:

— А-г-га.