Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 1-я кніга (1929).pdf/98

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ныя гнёзды, пільнавалі дробных куранятак і качак ад каршуноў і наогул знаходзіліся ўвесь час у кампаніі хлопчыкаў.

Пасьля вялікага працоўнага дня дзяўчаткі Крушынскага заўсёды варочаліся дахаты падрапаныя, параненыя, мокрыя, запэцканыя ў рудаўках і лужах. Прыносілі з сабою жаб, яшчарак, птушак, вожыкаў.

Часам кідалі на матку гэтым дабром, каб паглядзець, «як мамка пужаецца».

Пані Ганна пішчэла ад страху. Дзеці сьмяяліся.

Пані Ганна была вельмі нездаволена паводзінамі дзяцей. Бывала, на цэлы дзень не адпускала іх ад сябе, каб яны не сябравалі з вясковымі «хамамі», каб не навучаліся ад «іх» брыдкіх слоў і ўчынкаў.

У часы такіх «арыштаў» дзяўчаткі вельмі сумавалі, плакалі ў адмаўляліся ад яды. Галадоўкай ламалі ўпартасьць маці. Пані Ганна не магла даць рады. Скардзілася мужу. Ён сьмяяўся, радаваўся, што ў яго дачушак хлапцоўскі нораў.

— Якраз у мяне пашлі. І я такім у маленстве быў.

— Але-ж яны дзяўчаткі!

— Я ў гэтым невінаваты. Калі няма хлапцоў, дык няхай дзяўчаткі гадуюцца як хлопцы.

— Сапсуюцца дзеці. Што з іх будзе? Што з іх будзе?

— Нічога кепскага ня станецца. Трэба толькі даць ім волю, тады будзе добра.

— Волю, волю! — перадразьніла яна мужа пісклівым галаском. — Ліха наробіш гэтай воляй. Нават дарослыя людзі распусьціліся ад тваёй волі. Табе на галаву лезуць. Зараз курам і індыкам волю дасі.

— Захачу — і дам. Не твая бабская справа.

Так заўсёды канчалася гутарка паміж Крушынскім і жонкай аб выхаваньні дзяцей і волі.

Гэтае пытаньне паднесьлі на грамадзкі суд Івана Мацьвеевіча.

— Цікава, што скажа Іван Мацьвеевіч: ці мая праўда, ці твая? — гаварыла пані Ганна.

Пры гэтым яна пазірала на Івана Мацьвеевіча, як на збаўцу, як на чалавека шляхетнага, вучонага, які добра разумее, што яна, пані Ганна, мае рацыю.