Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 1-я кніга (1929).pdf/91

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Доўга Крушынскі стрымліваўся. Зірнуў на Рахмільку. Рахмілька міргнуў да яго.

І гучны рогат пакаціўся ад сьцяны да сьцяны.

Сьмяяліся і Рахмілька і Крушынскі.

Стары анямеў на месцы ў сваім, ні для кога незразумелым, вялікім горы. Ёй сядзеў, як аглушаны доўбняй па галаве. Здавалася, што гучны сьмех не даходзіў да яго вушэй…

Нейк не па сабе зрабілася Крушынскаму ад такога выгляду старога. Ён змоўк. Твар яго зрабіўся сур’ёзным. Кіўнуў галавой да дзяцюка і вышаў з хаты.

Рахмілька выскачыў зараз-жа за ім.

— Вось што, Рахмілька, глупства гэта ўсё. Бацька супакоіцца. Ты мне сягоньня ўночы патрэбен. Як сьцямнее, будзеш мяне чакаць там, пад гумном.

— Добра.

Рахмілька быў адным з «дыплёматычных кур’ераў» Крушынскага. Свае сакрэтныя справы Крушынскі заўсёды праводзіў праз спрытнага Рахмільку.

«Нацменшасьць» прымала чынны ўдзел у самых сур’ёзных справах «рэспублікі».

— Значыць, да вечара?

— Вечарам пабачымся!

Крушынскі пашоў пыльнай вуліцай.

З-за вугла Марцінавай хаты паказалася кавалёва дачка Мэра.

Яна сярэдняга росту, тонкая і лёгкая. Чорныя валасы «стрыжка» роўнай лініяй вызначаюць тонкую шыю. Контраст колераў шыі і валасоў вельмі рэзкі, ад чаго Крушыскаму валасы Мэры здаюцца яшчэ болей чорнымі, а шыя болей белая. Чорнае з белым заўважалася і ў вопратцы Мэры. Яе твар таксама нейкае дзіўнае злучэньне чорнага з белым. На бледным твары вызначаюцца чорныя бровы і вочы. Тонкія губкі так сьціснуты, што замест іх — толькі вузенькі шрам.

Мэра падбегла да Крушынскага.

— Вы былі ў бацькоў?

— Быў.

Ён зірнуў ёй глыбока ў вочы.

У яе вачох столькі жальбы і такі выраз болю, ажна нешта кранула яго за сэрца.