Вочы Лейбы блукалі па сьценах хаты, глядзелі насупроць і нічога ня бачылі.
— Што? Якое няшчасьце?
Каваль не адказаў на запытаньне. Ён грозна крыкнуў на жонку:
— Ты, ты ва ўсім вінавата! Матка павінна глядзець за дзяцьмі. Я-ж казаў, што вечарынкі да дабра не давядуць!
— Ці-ж я загадвала ім па вечарынках цягацца? Ці-ж я іх выпраўляла? Ці-ж я…
Старая заплакала, прыпёрлася галавою да цялесьнікаў і білася ў конвульсіях.
— Мамэ… мамэ… — крычалі спалоханыя дзеці…
Крушынскі стаяў на адным месцы і ня ведаў, што рабіць.
— Якое няшчасьце здарылася ў вашай хаце? — зноў запытаўся ён.
Каваль падняўся на ногі. Стаяў высокі і грозны. Няпрыязна зірнуў на Крушныскага, нават нянавісьць мільганула ў яго вачох.
— Няшчасьце! Няшчасьце! — перадразьніў ён Крушынскага.
Крушынскі яшчэ больш зьдзівіўся і адступіў на крок ад старога.
Лейба падышоў бліжэй, схваціў яго абедзьвюма рукамі за правую руку і пачаў трасьці.
— Няшчасьце! Няшчасьце! Каб ўсе няшчасьці, якія толькі ёсьць на сьвеце, скласьці ў адно, дык маё ўсёроўна пераважыць…
— Кажы, Лейба, толкам, у чым справа? Дачка памёрла?
— Горш!
— Атруцілася?
— Яшчэ горш.
— Можа зацяжарыла ад якого хлапца?
— Яшчэ горш…
— ???
— Яна… яна жэніцца з Марцінам Дразьдзюком. Вечарынкі ўсё гэта нарабілі. Мэра да яго сягоньня ўцякла. Я толькі рвануў яе за валасы. Уцякла.
— А нашто было рваць за валасы?
— Як нашто? За гэтае самае! Гэта-ж вялікі грэх. Шкадую, што малатком па галаве ня даў, шкадую, што насьмерць не забіў. Менш грэху было-б.