Як адстаўныя генэралы, яны ўспамінаюць старыя часы, калі яшчэ іхныя равесьнікі біліся за гонар плямён.
А равесьнікі іхныя — сівенькія дзяды — цяпер водаль стаяць з аднаго і з другога боку. Стаяць і крычаць старчымі слабымі галаскамі:
— Ты яго ў бок! У бок!
— Во так! Во гэтак! Во! Во!
— У вока ня бі, сабачы сын! Няможна ў вока! Выб’еш!
— У патыліцу ня можна, разбойнік! заб’еш!
У іх існуюць адвечныя правілы аб тым, як біцца. Аднак, ня гледзячы на старыя законы Драздоў і Дзятлаў: адны адных не пакалечыць, заўсёды з поля бітвы яны выходзяць з лаўрамі героізму — заплыўшыя вочы, паломаная рабрына, выкручаны палец і апухлыя твары. Таксама некалькі кварт «чырвонай юшкі» застаецца на полі бітвы.
Галава і Сухарукі глядзяць на «тэатр ваенных чыннасьцяй» і ад перапоўненага настрою частуюць адзін аднаго тытуном…
— Ты майго тытуну папробуй! — кажа Галава.
— А чым мой горшы? — артачыцца Сухарукі.
— Не! Ты майго папробуй!
— Ты раней майго пакаштуй!
Тыцкаюць тытун адзін аднаму ў самыя грудзі.
— Ну, сып у люльку!
— Я-ж цябе частую!
У Галавы загарэліся вочы, сыплюць маланкамі ў бок Сухарукага.
У Сухарукага зазьвінелі ноткі злосьці ў голасе.
Урэшце, яны абмяняліся тытуном. Задымілі люлькі.
Крушынскі смаліць папяроску за папяроскай. Ня ведае, што з сабою рабіць, дзе дзецца ад вялікай радасьці.
… Дзятлы і Дразды яшчэ добра біцца ўмеюць. У яго «рэспубліцы» люд жыве кіпучым жыцьцём…
— Во-о-ох! Во-о-ох! — стогне зямля.
— Гэ-э-э! Гэ-э-э! — зьліваюцца ўсе крыкі ў нешта адно зьвярынае, дзікае.
Ва ўсіх азьвярэлыя твары. І ў тых, хто прымае гарачы, чынны ўдзел, і ў тых, хто наглядае і паддае ахвоты падбухторваньнем.
Гараць разьюшаныя твары. Вочы запалены дзікім агнём.