Іван Мацьвевеіч разгарнуў газэту і паказваў здалёк Крушынскаму.
Гаспадар доўга ўглядаўся асалавелымі ад дзіва вачыма. Між пэтытным густым слупком тэксту красаваўся невялічкі портрэт круглага дзядзькі з лысінай, з вусамі.
— Лысіна якраз мая! — крыкнуў Крушынскі.
— Усе лысіны адна да аднэй падобны, як галоўкі капусты, — уставіла сваё крытычнае слова гаспадыня. Хто чым, а ён заусёды сваёй лысінай хваліцца.
— Нажаль, у нас лысіна не выкарыстоўваецца, — сказаў Іван Мацьвеевіч. — У Амэрыцы на лысінах рэклямы наклейваюцца.
Крушынскі, як зачарованы, падсунуўся бліжэй да газэты.
— І падпісана «Язэп Крушынскі», і мае вусы! Глядзі, жонка, мае вусы!
— Няўжо-ж!? — зьдзівілася гаспадыня. — За якія ласкі боскія? Можа верш напісаў?
— А за такія ласкі, што Язэп Сымонавіч вядзе культурную гаспадарку! — сказаў аўторытэтна Іван Мацьвеевіч. Гэта вам ня верш, а проза. Без такой хлебнай сельска-гаспадарчай прозы ня пісаліся-б і вершы! Ну вось, скажам, хоць-бы такі твор.
Іван Мацьвеевіч чытае на сьпеўны лад:
«Гаспадарка Язэпа Крушынскага знаходзіцца ў 45 вярстах ад Менску, у былым маёнтку Курганішчы. Крушынскі — селянін, які прымаў чынны ўдзел у партызанскім руху пры польскай окупацыі. Ён яшчэ ў 1905 годзе распаўсюджваў рэволюцыйныя проклямацыі і быў ранены ў Менску на барыкадах, сядзеў у турме за організаваньне забастовак на фабрыках і заводах. Наогул рэволюцыйнае мінулае Крушынскага досыць багатае».
— Правільна! — узрадаваўся Крушынскі. — Так яно і ёсьць, Іван Мацьвеевіч.
Іван Мацьвеевіч пераходзіць на мінорны тон, чытае хітра-мудрыя табліцы аб разьмеркаваньні зямлі па ўжытках, севазвароце, будоўлях, сельска-гаспадарчых машынах, жывёле і іншае.
У канцы ён задэклямаваў з патосам, з багатай мімікай твару, з выкрутаснымі сьмешнымі гестамі і крыўляньнямі: