пасажыр, выведзены з цярплівасьці, са злосьцю палез рукой у кішэнь, палез з такой мінай, нібы зараз застрэліць пасажыра…
— Выхваціў браўнінг? — зацікавіўся Язэп Крушынскі.
— Выхваціў адтуль візытную картачку і падаў курцу. Курэц, смокчучы папяроску, зірнуў адным вокам на картачку. На ёй было надрукована «Лев Давідавіч Троцкі».
— Ой, — крыкнуў Язэп Крушынскі, — ну, і папаўся няшчасны курэц!
— Пачакайце. Курэц палажыў картачку ў кішэнь камізэлькі і спакойна закурыў новую папяроску. Тут таварыш Троцкі не сьцярпеў і паклікаў кондуктара. Строгі кондуктар падышоў да курца. Курэц горда выняў з кішэні візытную картачку таварыша Троцкага і тыкнуў кондуктару ў самыя вочы. Кондуктар спалохаўся, па-вайсковаму выцянуўся, аддаў чэсьць і папрасіў прабачэньня. «Я пакажу яму гэ… гэ… гэнаму з бародкай, які вас непакоіць!» сказаў бравы служака. «Ня трэба! Ну яго…» — вялікадушна махнуў рукою курэц і запаліў новую папяроску.
— Лоўка!
— Вось і візытная картачка, бледнатвары брат мой! — сказаў Іван Мацьвеевіч і зірнуў у чырвоны твар Язэпа Крушынскага з хітрай усьмешкай.
— Такой-жа хітрай усьмешкай адказаў Крушынскі Івану Мацьвеевічу.
VI
— Іван Мацьеевіч!
— Язэп Сымонавіч!
І два прыяцелі трасьлі рукі адзін аднаму з імпэтам цыркавых барцоў. Зазіралі адзін аднаму ў вочы, ветла, горача, з дабрадушнай хітрыкай, з нямым запытаньнем «што чуваць?»
Гаспадыня тупалася каля стала, рыхтавала сьняданьне: шчупленькая, тоненькая, рухавая, яна ставіла на стол сыр, масла, яйкі, малако, вэндліну, каўбасы, бліны з верашчакай і іншыя вясковыя продукты. Выбягала з пакою, зноў прыбягала, клапацілася, сьпяшыла. Яна рыхтавала сьняданьне для госьця. Яна была зьбянтэжана.