Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 1-я кніга (1929).pdf/63

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Менску калісьці чытаў. Вельмі шмат. Трэба лічыць на пуды. Ад кніг розныя думкі зьяўляюцца. Фантазія расьце.

— Што, напрыклад, вы чыталі, Язэп Сымонавіч? — зацікавіўся Іван Мацьвеевіч інтэлектуальным багажом Крушынскага.

— Чытаў усё, што толькі ў рукі пападалася. Як быў малы, вельмі любіў казкі чытаць аб асілках, красунях, аб чараўнікох і іншых дзівосных штуках. Як падрос, чытаў Майн-Рыда, Жуль-Вэрна. Потым вельмі любіў Гогаля і Дастаеўскага. Чытаў усё, што пападалася пад рукі. Шмат чытаў рэволюцыйных кніжачак.

— Што болей усяго вам у гэтых кнігах падабалася? — рабіў формальны допыт Іван Мацьвеевіч.

— Мне падабаліся ўсялякія прыгоды. Галоўным героем у кожным романе я заўсёды лічыў самога сябе. Мне здавалася, што гэта я сам вандрую па розных тропічных лясох, страляю ў львоў, тыгрысаў, сланёў. А то я бываў лютым піратам на караблі, дзікім разбойнікам. Часам зьяўляўся рыцарам і царэўну вызваляў з зачарованага лесу, з сьпячага царства. Мне заўсёды здавалася, што прымаю самы чынны ўдзел ва ўсіх гэтых цікавых прыгодах, і сумаваў, калі прыгоды героя канчаліся няўдачна, радаваўся, калі герой браў верх. Наогул мяне захапляла кожная драбніца ў апісаньнях. Часам цэлымі начамі чытаў. У стрыечных братоў у Менску было многа кніг. Пад уражаньнем цікавага роману я знаходзіўся часам некалькі дзён. Пераймаў манеры галоўнага героя. Аднаго разу купіў капялюш з шырокімі палямі толькі дзеля таго, што такі кацялюш насіў адзін герой, які біўся з індзейцамі ў амэрыканскіх прэрыях. Вывучаў напамяць мудроныя гутаркі прыдворных з «Тайн Мадрыцкага двара» і дзівіў часам сваіх таварышоў кніжнай, дзівоснай бяседай. Кіно таксама давала мне шмат духоўных харчоў. Цяпер я мала чытаю. Няма калі. Некалькі пудоў кніг у куфры запакавана. Дзеці падрастуць — няхай чытаюць.

Крушынскі популярызаваў таксама сваю партызанскую чыннасьць пры польскай окупацыі.

— Так, так, Язэп Сымонавіч, — згаджаўся з ім Іван Мацьвеевіч, — у вашых руках вельмі добрая візытная картачка. Але трымайце яе на здароўечка, сабе на славу і гонар, а на страх людзям. Візытная картачка даражэй за грошы.

— Якая візытная картачка?!

— Пролетарская…