так лоўка, што проста маршы іграў. Бацькі толькі цешыліся і сьмяяліся, гледзячы на сынка.
«Успомніўшы гэта, мне проста плакаць захацелася. Такой смачнай здавалася мне посная матчына зацірка. Так прыемна было проста пальцамі браць у нядзелю блінцы з шырокага сасновага тапчана і глытаць-глытаць, як гусак усёроўна. Маці мяне пры гэтым зусім не муштравала, сьмяялася, падсоўвала самыя смачныя кавалкі.
«А вось пад наглядам цёткі яда мне ў горла ня лезла. Я дрыжэў ад страху і ня ведаў, што рабіць. Ня ведаў, што есьці — вялікая навука. Я з зайздрасьцю паглядаў, як ядуць мае стрыечныя браты — хлапчукі бадай адных гадоў са мною. Я іх пачаў малпаваць. Адзін хлопчык мяне так пры гэтым ушчыпнуў за нагу пад сталом, ажна я крыкнуў, падскочыў на месцы і… разьбіў талерку.
«Яшчэ цяпер памятаю гэту телерку з залатым абадком, з кветкамі па краёх, а ў сярэдзіне кітаянка, у шырокіх нагавіцах з маленечкімі ножкамі, касавурыла на мяне вочы. У аднэй руцэ яна трымала вэер, а ў другой — букет кветак. Вельмі ў памяць урэзалася. Я ня так шкадаваў тады талерку, як гэту дзіўную кітаянку, якая мне вельмі спадабалася.
«Я, разумеецца, адразу выскачыў на кухню. У той-жа дзень я пехатой уцёк дахаты. Калі бацька мяне назад прывёз у дом дзядзькі, дык еў ужо на кухні, дзе мне было шмат лепей. Да кухаркі я адчуваў большае сваяцтва, чым да дзядзькавай сям’і. Яна мяне не муштравала. Яна мяне нават шкадавала, спачувала, называла сіратою. Нас радніла пролетарскасьць. Я гэта толькі цяпер уцяміў».
Іван Мацьвеевіч заўсёды даваў свае тлумачэньні ў такім сэнсе, што пролетарскасьць Крушынскага ідзе ад самога маленства бяз крывых ліній, проста, як струна. Гэта пролетарскасьць урасла карэньнем у яго псыхолёгію. Выхаваньне ў доме багатага дзядзькі толькі загартавала яе.
Такімі заўвагамі ён паддаваў Крушынскаму ахвоты плясьці далей свае ўспаміны, з якіх з кожным разам яшчэ ярчэй блішчэла на яго галаве, паводле выразу Івана Мацьвеевіча, «чырвоная пролетарская шапачка».
«Часам бывала так, — уваходзіў Крушынскі ў натхненьне, — што проста жыць болей неўмагату было ў дзядзькі. Гэта было