Праўда, ён жыў у багатага дзядзькі ў Менску і мог набрацца буржуазных настрояў, мог сапсавацца, але багатыя людзі, калі знаходзішся пад іх апекай (тлумачыў Язэп Крушынскі), даводзяць да таго, што ты пачынаеш іх ненавідзець і набіраешся агіды да іх.
Іван Мацьвеевіч добра памятае вусную анкету Крушынскага з урыўкаў гутаркі. Ён прыводзіць гэтыя ўрыўкі ў хронолёгічны парадак. Пры гэтым прапускае рознастайныя варыянты адных і тых самых прыгод.
«Аднаго разу, гэта было ў першыя дні майго прыезду ў Менск, маёй цётцы не спадабалася, як я ем. Я тады сядзеў пры адным стале з усёй сям’ёю дзядзькі. Цётка ўвесь час скоса на мяне паглядала: моршчылася, нэрвавалася. Мяне зьбіла з панталыку абстаноўка пакою: багатая дубовая мэбля, буфэт, нібы хорам, белы, як сьнег, абрус на вялізным стале, талеркі з малюнкамі, срэбныя лыжкі і відэльцы, розныя міскі, місачкі і іншыя прылады да яды, прызначэньня якіх я ня ведаў. Я быў ашаломлены гэтым усім, забыўся пра голад і толькі думаў аб адным: як-бы хутчэй вызваліцца ад гэтай мукі — есьці пад поглядам цёткі ў такіх царскіх, як мне тады здавалася, абставінах. Я нейк сьціснуўся ў камячок, каб менш месца займаць пры стале. Я стараўся хутчэй есьці, думаў, што такім чынам зараз вызвалюся і пабягу ў іншы пакой. Гэтым я нарабіў сабе горшае ліха. На маю галаву пасыпаліся, як асеньні дождж, цёткіны заўвагі:
— Не сьпяшы так: пажару няма ў хаце!
— Што так сёрбаеш? Ад вясковых сьвіней, мабыць, наўчыўся?
— Лыжку, як сякеру, ня трымай!
— Не барабань відэльцам па талерцы!
«Сваім злосным, пісклівым голасам цётка сыпнула мне адразу нешта з дзесяць запаведзяў аб тым, як трымацца пры ядзе, як есьці.
«Я разявіўся ад дзіва. Еў восем гадоў у сваіх бацькоў і ня дрэнна еў, а зусім ня ведаў, што есьці ня ўмею. Што называецца, быў няпісьменным у ядзе. Я пачаў тады ўспамінаць пра абед у роднай закуранай хаце. Маці нальле ў міску стравы; а мы ўсе чабалдых дрыўлянымі лыжкамі ў адну міску. Я лічыў вышэйшым форсам барабаніць лыжкай аб міску. Я гэта рабіў