працы. Гаспадар у расхрыстанай кашулі, бяз шапкі стаяў на гэты раз самым апошнім у лініі касцоў.
— Асьцярожна, ногі парэжу! Хутчэй! Хутчэй! — крычаў ён заліхвацкім голасам, наганяючы касца.
А касец жартаваў:
— Хлопцы! шыбчэй! а то гаспадар нам усім ногі парэжа. Ён лепш за ўсіх косіць!
Касцы пусьціліся на выперадкі. Праца пашла шпарка. Праз некалькі хвілін гаспадар спацеў, пачаў адставаць.
Раздаўся гучны рогат касцоў.
— Перадышка! — закамандаваў гаспадар. Хлопцы, курыць! У мяне менскія папяросы!
Касцы абступілі яго цесным колцам.
Ён частаваў усіх «менскімі папяросамі». З яго пот цурком ліў. Касцы жартавалі.
— Гэта з няпрывычкі! — казаў касец гадоў трыццаці, сухарлявы, з зажмуранымі ад сонца вачыма.
Яго голас быў упэўнены, аўторытэтны. Ён славіўся як першы касец па ўсёй ваколіцы.
— Да касьбы трэба прылаўчацца змалку, — казаў ён тонам настаўніка. — Я добра касіў, калі быў яшчэ пятнаццацігадовым хлопцам. І бацька мой быў першым касцом у вёсцы, і дзед. Гэта лоўкасьць вялікая — касіць гладка, хутка, ды каб яшчэ не змарыцца! О-го! Дайце мне яшчэ двух касцоў, як я, дык мы ўвесь луг за два дні скосім!
— Ну, ты не мані! Лопнеш хіба, а ня скосіш! — пакрыўдзіўся адзін пажылы селянін, нізенькі, шырокаплечы, з калматай рыжай бародкай.
— А-я-яй! Так і скосіш за два дні! — падхапілі ўсе.
Загаварыў касецкі гонар і ў іх.
Першы касец кпліва звузіў вочы на грамаду касцоў і зноў сказаў спакойным тонам:
— Я касою граю, як пісар пяром усёроўна. Мне толькі добрая каса патрэбна! Ужо некалькі год як зьбіўся з добрай касы — укралі. Каб вы ведалі, што гэта была за каса! Каб вы ведалі!
Касец зірнуў на альхоўнік насупроць сонца, потым адвярнуўся і расшырыў вочы. У іх адбіваўся шчыры сум і ўглыбленьне ў думках ад гэтага няпрыемнага ўспаміну.