Да Крушынскага пашлі з вобыскам і арыштавалі як «бальшавіка». Двое паліцыянтаў павялі арыштаванага ў Менск.
Аднак па дарозе яму ўдалося ўцячы.
Некалькі месяцаў ён хаваўся ў лясох і часам уночы наведваўся да сваіх Драздоў і Дзятлаў, у якіх быў вялікім героем і сваім чалавекам.
Пры савецкай уладзе, пасьля ўцёкаў польскага войска, ён астаўся на лепшай зямлі Курганішча, і ад вялікай прыязьні Дразды і Дзятлы выбралі яго ў сельсавет, дзе ён быў сакратаром.
Беднякі забудаваліся на зямлі Курганішча. Вырасла тут некалькі хутароў.
Крушынскі, ніколі не працаваўшы па сельскай гаспадарцы, за адно лета налаўчыўся працаваць ня горш за суседзяў. Спачатку надзвычайна захапіўся гэтай працай. Але хоць у яго было некалькі работнікаў, ня мог здолець заворваць усю зямлю і зрабіў новы падзел зямлі сярод сялян — аддаў ім яшчэ з дзесятак дзесяцін. Ён пакінуў сабе самы лепшы кавалак, дзе завёў узорную культурную гаспадарку. Яго гаспадарка карысталася вялікімі ільготамі і розным падтрыманьнем мясцовай улады.
IV
Касьба ў Крушынскага была кожны раз сьвятам для Драздоў і Дзятлаў. Тут табе і смачная яда з выпіўкай, і добрая плата чым хочаш — збожжам, грашмі. Яны свае лужкі няскошанымі пакідалі, а з вялікай ахвотай ішлі з касамі і граблямі ў Курганішча. Праца заўсёды адбывалася пры паднятым настроі: сьпявалі песьні, перакідваліся жартамі і адчувалі сябе не як на падзённай рабоце, а нібы ў гасьцёх. Пасілкавацца ім прыносіла на поле сама гаспадыня пры дапамозе дзяўчат-служак. Насілі ў спарышох, гладышох і кошыках. Тры разы елі на сенакосе: абед, полудзень і падвячорак, сьняданьне і вячэру — у хаце гаспадара.
За доўгімі шнурамі жыта, за шырачэзным полем канюшыны, у пярэмешку з палосамі аўсоў, цягнуўся мурожны луг далёка ўшыркі і ў даўжыню аж да самага альхоўніку ў лагчыне.
На гэты раз касіў і сам Крушынскі. Ён прыходзіў заўсёды на работу з мэтаю паказваць падзёньнікам добры прыклад у