Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 1-я кніга (1929).pdf/41

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яго раменнай каліце заўсёды вісеў сцызорык. Быў Крушынскі-Чарнюк бондарам і варажбітом. Любіў прарочыць благое:

Курыца запяяла — нядобрае нешта будзе.

Заяц дарогу перабег — няўдача.

Віхор круціцца ў полі — ліха надыходзіць.

Крушынскі-Чарнюк часта гаварыў пра гібель, голад і канец сьвету.

Сам ён сур’ёзна рыхтаваўся да «сканчэньня сьвету» і голаду: спаў у труне, якую змайстраваў сабе насьмерць. Хатка і сенцы былі ў яго завалены розным запасам: мукою, хлебнымі сухарамі, сушанай бульбай, сушанымі яблыкамі, гарохам, грыбамі і іншымі харчамі. Усё гэта было насыпана ў кублох, скрынках, цабэрках, начоўках, карытах, гаршкох, гладышох. Толькі каля печы быў пусты куток.

Гэтыя запасы, як Дразды і Дзятлы памятаюць, ён зьбіраў дзесяткамі гадоў.

— Запас бяды ня чыне, — казалі адны.

— На чорны дзень, — казалі другія.

У апошнія гады, калі ня лічыць калматага злога сабакі і галагуцкага пеўня, які быў каралём усіх курыц Драздоў і Дзятлаў, бяз розьніцы плямён, у Чарнюка ніякай сям’і ня было.

Жонка ў яго памерла маладою. Астаўся жвавы чорненькі сынок Язэпка. Малога забраў да сябе багаты дзядзька, які меў у Менску свой дом і вялікі рэсторан. Для васьмігадовага хлопчыка пачалося тады зусім новае жыцьцё. Спачатку горад яго вельмі напалохаў сваім выглядам і грукатам. Нават аднаго разу пехатою да бацькі ўцёк. Бацька завёз яго назад у горад, прыгразіў, што калі ўцячэ ад дзядзькі, дык кіне яго сабакам.

Язэпка прымірыўся. Пачаў звыкацца з новымі абставінамі жыцьця. Дзядзька аддаў яго ў школу вучыцца. Пры гэтым казаў:

— Падвучышся чытаць і пісаць, а пасьля ў рэсторане рахункаводам зраблю. Галоўным чынам, напірай на рухункі. Лічбы — гэта ўсё на сьвеце. Бяз лічбаў чалавек — не чалавек. З лічбамі, калі яны ў тваёй галаве будуць лётаць і гудзець, як камары, зажывеш, братку, па-панску.

Бадай кожны дзень дзядзька праводзіў перад ім філёзофію лічбаў. Часта экзаменаваў: