Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 1-я кніга (1929).pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

новая шапка, характарызавала яго вельмі трапна. Некаторыя з сялян так прывыклі да сваіх мянушак, што лічылі за абразу, калі хто іх называў хрышчоным імем.

Гэтыя плямёны ня былі між сабою сьмярцельнымі ворагамі. Няхай хто чужы закране на рынку Дзятла пры Драздох ці Дразда пры Дзятлах, дык вочы выдзеруць за суседа.

Недалёка ад іх жыла яшчэ адна асоба — Сымон Чарнюк, і тут суседзі мелі вечную прычапку за што сварыцца: Дразды казалі, што Сымон Чарнюк да іхнай вёскі належыць, а Дзятлы ўпіраліся, што да іхнай.

— Сымонка, часам пыталіся Дразды: — скажы па чыстай праўдзе, чаго варты гэтыя дохлыя Дзятлугі? Шальмяцы, дый толькі!

— Да каго вы сябе раўнуеце? Вы іх за падпярэзіну падаткнеце! — гаварыў па «чыстай праўдзе» Сымон Чарнюк.

Радаваліся Дразды.

— Чарнючок, — казалі Дзятлы — ты-ж не абы-хто! Гукні нам па шчырым сумленьні, ці-ж не дарма жуюць хлеб на зямлі гэтыя паскуднікі — Дразьдзюкі? Гадзюкі яны, каб перадавіліся, дай, божанька!

— Яны вам раўня, як сьвіньня да каня! — сыпаў Сымон Чарнюк па «шчырым сумленьні».

Цешыліся Дзятлы.

Сымон Чарнюк меў здольнасьць задавольваць усіх.

Сымон Чарнюк жыў у маленькай хатцы ў ельнічку — у нэўтральным месцы між Драздамі і Дзятламі.

Узіму хатка Чарнюка была завалена вялікай гурбай сьнегу і яе бадай ня відаць было. Улетку яна аздаблялася ў зяленіва, як маладуха. Чаго-чаго толькі ня было на дзядзінцы: палын, мак, крапіва, мухаморы, маліньнік, сьвіныя яблычкі, а на страсе — на пагніўшых мялінах нейкім дзівам буяў рэдкі авёс.

Зваўся Сымон «Чарнюком» таму, што быў заўсёды запэцканы сажай. Відаць, ня мыўся з таго часу, калі бабулька маленечкага выкупала ў начоўках.

Яго праўдзівае прозьвішча было Крушынскі. Ён быў высокі, ценкі, з кручкаватым носам, з чорнымі, як вішні, вачыма, без барады і вусоў. Яму можна было даць і сорак, і шэсьцьдзесят год. Сваю абсмаленую бравэрку ён ніколі ня здымаў з плеч. На