Абодва плямёны паставілі крыжык на гэтай справе. Іхныя роданачальнікі заставаліся шчырымі прыяцелямі.
Галава і Сухарукі мелі шмат супольнага ў сваіх характарах: абодва палохаліся пісаных паперак і бліскучых гузікаў.
— Чаго ў іх няма (і ў паперках, і ў гузіках) — падаткі, нядоімкі, праўка дарог і мастоў, рэкрутчына, суды і яшчэ гібель такіх прысмакаў.
Так роданачальнікі Драздоў і Дзятлоў часта характарызавалі паперкі і гузікі.
Роўныя былі абодва роданачальнікі і па сваёй адукацыі: на страшных паперках падпісваліся крыжыкамі. Таксама абодва сыпалі прыказкамі, нібы гарохам, і вельмі любілі на начлегах баяць байкі.
Начлегі заўсёды пачыналіся пасьля касьбы на балоце. У цёплую летнюю ноч звычайна блішчэлі на лузе два вогнішчы. На адным беразе рэчкі (яна прарэзвала як вёску, таксама і вялізны балотны луг) начавалі Дразды, на другім — Дзятлы. Пры вогнішчах начлежнікі сьпявалі песьні. У песьнях на баку Дзятлаў выкпіваліся Дразды, на баку Драздоў высьмейваліся Дзятлы.
Але як толькі Галава або Сухарукі пачыналі казку, рабілася ціха. Хрыплая «тальянка» спыняла свае мізэрныя тоны, змаўкалі працяглыя сьпевы дзяўчат.
У слухачоў пры вогнішчах цямнелі вочы. Пры спынках баечнікаў чуваць было, як прагавітыя коні тупалі па мокрай лагчыне путанымі нагамі, як шчыпалі траву.
Часам ветрык дзьмухаў па вогнішчах, мігцелі галавешкі цэлымі снапамі іскраў, палалі смалістыя карчы, шыпелі, як жывыя. Полымя расьцілалася па бакох чырвонымі абрусамі і асьвячала на момант доўгую паласу сумнага скошанага лугу, волава рэчкі, густыя лазьнякі і калматыя вольхі.
Доўга пасьля казак начлежнікі не маглі спаць пад цёплымі кажухамі. Доўга пазіралі на паўночнае сіта зорак у небе…
Вызначаліся Дразды і Дзятлы мянушкамі, якія давалі адны адным: Арцём Рабы, Міхась Кудлаты, Марыля Крывая, Зьмітро Дзярыгорла, Баўтрук Нюхайла.
Каляндарнае імя заўсёды вісела на калку, як лішняя хамуціна, а мянушка, дадзеная спрытным брахуном, ужывалася да самай доўбні. Кемнае слаўцо, надзетае на галаву чалавека, як