Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 1-я кніга (1929).pdf/334

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Антон Сяргеевіч! — паправіла Аграфена Макараўна. — Што-ж мне цяпер рабіць?

— Надрукуйце аб гэтым у газэтах! Я шмат такіх абвестак чытала. Жонка шукае мужа. Аб усім напішэце!

Так параіла ад шчырага сэрца пані Ганна.

— Ты, Ганна, толькі такой літаратурай і цікавішся ў газэтах: то жонка мужа шукае, то муж жонку!

Крушынскі сказаў гэта са злосьцю ў голасе.

— Саромлюся аб гэтым у газэты даваць… — як-бы сама з сабою гаварыла Аграфена Макараўна.

Стэфка заплакала.

— Ціха ты, дурная! — крыкнула на яе цёця. — Хадзем лепш у твой пакой. Раскажы, як ты жывеш? Адгэтуль паеду ў Менск да тваіх бацькоў.


Крушынскі быў выбіты з каляі рознымі няпрыемнымі весткамі.

… Які будзе цяпер агроном у гэтым раёне? Чаго добрага, новы агроном пазнаёміцца з маёй «культурнай» гаспадаркай…

Непакоіла яго і вёска Гайдачаны. Каморнік ужо мерае там зямлю.

— Як трымацца? Ці ня варта ладзіць колектыўную гаспадарку сярод сваіх Драздоў і Дзятлаў? А то чаго добрага пры новым агрономе мая «культурная» гаспадарка пераскочыць да будучай комуны Гайдачан… З кім параіцца аб гэтым? Айцец Дзімітры сказаў ехаць у Менск і пагаварыць з сваім стрыечным братам — з поэтам Антонам Цярэшкай. У яго добрыя знаёмствы.

… І яшчэ адна справа:

… Толькі ўчора даведаўся, што з Менску высылаюць кудысьці далёка многа контрабандыстых. Таксама з пагранічнай паласы высылаюць падазроных асоб.

— Ці не папаў і я ў гэты сьпіс?

Учынак агронома накіраваў яго на орыгінальную ідэю:

— Я пушчу погаласку, што захварэў на рак, што хутка памру. Буду ляжаць некалькі месяцаў, пакуль усё супакоіцца. У Менск еду цяпер нібыта да доктара.

Не зважаючы на дождж, Крушынскі запрог каня і паехаў.