Мэра ад гарачкі скідала з сябе коўдру. Твар яе гарэў, вочы блішчэлі чужым, няпрытомным блескам. Цяпер, калі жонка ляжала хворая і нават часам яго не пазнавала, Марцін не адыходзіў ад яе. Часта мяняў халодныя компрэсы, якія прыкладаў да яе галавы.
Надзвычайная чуласьць, няпрывычная для простага селяніна, зьявілася ў Марціна да Мэры. Ён адчуваў, што цяпер, яшчэ болей, чым раней, любіць сваю жонку. Яна такая прыгожая… Раней ён гэтага не заўважаў… «Можа ня выжыве»… Стараўся выкінуць гэту думку з галавы.
— Няўжо-ж узрадуюцца яе сьмерці і мае, і яе бацькі?
Марцін выскачыў на некалькі хвілін да суседа і прасіў запрэгчы каня і ехаць па фэльчара ў мястэчка. Каля ног круціўся сабака. Ён зазлаваўся і ўдарыў сабаку нагою ў бок. Сабака заскавытаў, падкруціў хвост і адышоў. І раптам шкода зрабілася сабакі, і брыдка неяк.
Падышла суседка…
— Як жонка?
Марцін нічога не адказаў. Пабег у хату.
Суседка яму ўсьлед кіўнула галавою і завалюхала да другой суседкі з гатовай, сьвежанькай навіною:
— Марцін галаву страціў дзеля гэтай жыдоўкі…
Мэра нават ня чула, як Марцін мяняў компрэсы на яе гарачым лобе. У хаце было змрочна. Да Марціна прышла яго малодшая сястра.
— Як бацька? — шэптам запытаўся Марцін.
— Злуецца, лае цябе, кляне…
— Зыбегай да Крушынскага, пазыч газы. Бачыш, мне прыдзецца сядзець пры ёй усю ноч. Газы няма. Во бутэлька! Хутчэй!
Дзяўчына пашла.
… А Мэра і ня ведала, ці сьветла ў хаце, ці цёмна. Перад яе вачыма нешта мітусілася. Яна сама хутка насілася нямаведама куды. Ёй здавалася, што яна — маленькая дзяўчынка.
Лета. Гарачы дзень.
Яна бегае па вуліцы недалёка ад кузьні.
«Мэра!» «Мэрка!» — крычыць з кузьні тата, — «скажы маме, што трэба паставіць самавар. Я зараз канчаю працу!»
Мэра ведае, што сягоньня пятніца. Мама рыхтуе на шабас смачную халу. Цэлы тыдзень яны белай булкі, што завецца