вар’ятам застанецца. Маці часта гаворыць, што лепш было-б, каб ён памёр. А мне так шкода папы, што я вось пішу вам, цёценька, і плачу. Ня плачу, а сьлёзы неяк самі коцяцца па шчоках. Вось і атрамант расплыўся ад салонай кроплі. Выбачайце, цёценька, што я вам такія сумныя рэчы пішу. Вам-жа самой так цяжка жывецца… — бяз дзядзі. Цяпер у бацькоў адна Бронька бедная працуе, бо маці нічога рабіць ня можа. Бронька пісала мне, што сёлета ў нашым садзе вялікі ўраджай на яблыкі. Груш ані няма. Можа як прададуць яблыкі, дык будзе ёй на зімовае паліто. Пакуль што я ў сваім лісьце да мамы прасіла, каб Бронька сабе ўзяла 5 р. з тых 20 р., што я ім паслала. Прозьвішча майго гаспадара — Крушынскі, а хутар завецца — Курганішча.
І ведаеце, мілая цёценька, мне тут зусім ня нудна. Я вельмі паправілася на добрых харчох, бо яны людзі багатыя і не шкадуюць яды. Сам гаспадар вясёлы чалавек, часта жартуе са мною. Затое гаспадыня крывіцца, вечна нездаволена. Ці можа яна зайздросьціць мне? Я лічу сябе яшчэ малой дзевачкай. Два дні таму назад у нас тут, у Курганішчы, адбыўся спэктакль. Было так весела. Я выступіла на сцэне з танцамі. Памятаеце, цёця, я з самых малых гадоў любіла танцаваць. Вы самі гаварылі, што з мяне выйдзе балярына. У Менску ёсьць пры тэатры балетмэйстар Аляксютовіч, дык ён, пабачыўшы, як я танцую, тое самае сказаў. Тут, у глушы, я праславілася сваімі танцамі на ўсю ваколіцу.
Цяпер, цёценька, я вам раскажу вельмі цікавую гісторыю. Толькі слухайце, не палохайцеся, ня дзівіцеся і паверце мне, паверце ўсяму таму, што я вам пішу. На спэкталь прыехала з ваколіцы шмат народу. Прыехаў і агроном з раёну. Вельмі цікавы, інтэлігентны чалавек. Франт, хораша адзеты. Круглы, голены, гладкі твар. Завецца ён Іван Мацьвеевіч. Барады ранейшай у яго няма. Але, выбачайце, цёценька, што я забягаю наперад… Цярплівасьці няма, а вас прашу, мілая, майце цярплівасьць. Я пазнаёмілася з агрономам. Ён буркнуў мне сваё прозьвішча. Шапавалаў, — сказаў ён. У мяне ў вачох пацямнела, як зірнула на яго. Вочы яго мне паказаліся такімі знаёмымі. Над левай брывёю невялічкі шрам… Я толькі зьдзівілася, што ён так растаўсьцеў. Ён на мяне скоса зірнуў і рукі ў яго задрыжэлі. «Дзядзя», — крыкнула