Тут патрэбны добрыя пэдагогі, якія вымуштравалі-б Івана Мацьвеевіча, паказалі-б яму новы шлях жыцьця, увялі-б у новую эпоху падрыхтаванага, спрактыкаванага, шустрага і кемнага, каб ён не загубіўся ў новым бурлівым жыцьцці, нібы пылінка пад ветрам.
Перад ім паўстала вельмі цяжкая задача.
Трэба быць і няпрыкметным, а разам з тым орыгінальным, выдатным, расьці ўгару, павышацца па савецкай лесьніцы. Гэта значыць, забясьпечыць дабрабыт Івана Мацьвеевіча. Трэба, не нажываючы ворагаў, быць цьвёрдым у працы і рабіць кар’еру трапна і спрытна.
… Гэта ўсё залежыць ад таго, з кім ты знаёмы, з кім вядзеш сяброўства.
Спачатку ён думаў выходзіць у людзі па «пролетарскай» лініі — думаў набыць пролетарскую вопратку, абшарпаную, рваную (па вопратцы сустракаюць) і, такім чынам, пачаць выслужваньне перад начальствам. Аднак, хутка раздумаў.
… Гэта выглядала-б, што я маскуюся, што я фальшывы чалавек. Я магу такім спосабам выклікаць да сябе недавер’е. Гэта не гадзіцца. Так многія робяць. Лепш, калі я буду адзетым па-эўропэйску. Падумаюць, што я з-за межаў прыехаў. Напрыклад, з Амэрыкі, дзе працаваў у падпольным рэволюцыйным гуртку, і адтуль выслалі ў Расію пасьля рэволюцыі.
Аб гэтым ён ня раз у анкетах пісаў (нават трохі ангельскую мову ведае).
… А галоўнае (Іван Мацьвеевіч доўга разважаў аб «галоўным») — трэба ўмець ладзіць з начальствам. Начальства — усемагутна. Начальства можа ўмагіліць, можа і падняць чалавека на вышэйшую ступень радасьці і дабрабыту.
Але ў даным выпадку цяперашняму Івану Мацьвеевічу цяжэй было шмат, чым ранейшаму Антону Сяргеевічу, чыёй практыкай «новы чалавек» карыстаўся.
Даўней начальства было моцнае, нярухомае, нібы скала, не мянялася дзесяткамі гадоў. А цяперашняе начальства — няпэўнае, будынак на пяску: ускалатне бура зьездаў і выбараў — і няма старога, прыручанага начальства. Ты працаваў, стараўся, а раптам — пачні спачатку! Увіхайся перад новым начальствам.