Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 1-я кніга (1929).pdf/285

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Праўда!

— Аб чым яны гавораць — поп і ксёндз?

— Яны кажуць, што трэба богу маліцца.

— Ня трэба богу маліцца, бога няма! — «тлумачыць» Стэфка.

— Яшчэ лепш, калі яго няма, радуюцца дзеці. — Мы і ня хочам маліцца. Тата казаў, што трэба слухацца цёці…

Пані Ганна бярэ дзяцей пад сваю ўладу з вечара да раньня. Яна мае такое ўяўленьне аб існаваньні бога, як Стэфка аб неіснаваньні яго… У яе вера ў бога таксама неабходная мода, праўда, старая, але пані Ганна моцна трымаецца ўсяго старога і нічога новага не прызнае. Яна бароніць бога, як толькі можа: «Каб ня было бога, дык няўжо-ж гэтулькі касьцёлаў было-б на ўсім сьвеце? Няўжо-ж сьвет увесь звар’яцеў?!» — думае яна. Яна ўпэўнена, што ёсьць бог, а то, навошта былі-б напісаны сьвятыя кнігі? Хто мог-бы прыдумаць сьвятыя абразы, на якіх матка божа, пан Езус і ўсе апосталы, як жывенькія намаляваны… А хто дае хлеб усім людзям, калі ня бог? Ледзь не ад матчынага малака пані Ганна прывыкла да малітваў. А пры малітвах у пышных абставінах, у залітым блеску касьцёлу, пры раскошы тэатральных набажэнстваў, яна гатова вочы бліжняга выдрапаць у гонар і славу пана бога…

Дачуркі пані Ганны, Мастачка і Мзей, увечары перад сном шапочуць незразумелыя словы малітвы пад нявыразнае суфлёрства маці:

— Ва імя айца, сына і духу сьвянтэга. Аман! — кажа маці.

— М’ейца, сына і духу тэго. Гам! — паўтараюць за ёю дзеці.

Незразумелае бармытацьне робіць на дзяцей такое моцнае ўражаньне, як замова шаптуна на цёмную старую бабулю. Дзеці палохаюцца і ад шчырага страху туляцца да маткі.

— Ня бойцеся, — пацяшае іх маці, — божанька добранькі. Ён вас абароніць ад рознай злыбеды. Толькі маліцеся яму.

Пры гэтым яна дае дзецям бліскучы абразок і загадвае цалаваць «божаньку».

Дзеці жывуць падвойным жыцьцём.

Удзень, пад яркім блескам сонца — у хаце ці на полі, — калі яны не адчуваюць ніякіх страхаў пад абаронай цёці Стэфкі, яны шчыра вераць, што вера ў бога — глупства, што няма бога.