часта, што бога няма. На гэтым грунце адбываліся няпрыемныя стычкі між настаўніцай і гаспадыняй.
Стэфка ў гэтым выпадку кіравалася інструкцыямі гаспадара.
— Рыхтуйце дзяцей маіх у комсамол — прасіў ён Стэфку.
— Да комсамолу ім яшчэ прыдзецца чакаць многа гадоў. Яны-ж малыя.
— Вось і добра, што малыя. З маленства і трэба іх падрыхтоўваць. Ніякіх жончыных багоў вы ім у галовы ня ўбівайце.
А ў гэты самы час пані Ганна яшчэ з большай гарачнасьцю бараніла багоў. Кожную раніцу і перад сном яна чытала малітвы з сваімі дзецьмі.
Вайна за бога і супроць бога вялася паміж гаспадыняй і настаўніцай дзень-у-дзень. Гэты «крыжовы паход» адбываўся ціха. Пад пагрозаю Крушынскага пані Ганна перастала гаварыць аб гэтым з настаўніцай. Пасьля вобыску, калі настаўніца, магчыма, не разумеючы значэньня свайго ўчынку (схаваньне доляраў ад пагранічнікаў), вярнула Крушынскім доляры, гаспадыня баялася ўгнявіць яе.
Уся энэргія абедзьвюх жанчын была накіравана выключна на дзяцей.
У дзень дзеці знаходзяцца пад наглядам Стэфкі. Да антырэлігійнай барацьбы яна была «падрыхтавана» яшчэ ў Менску. Яна бачыла ў рэлігійныя сьвяточныя дні па вуліцах гораду комсамольскія карнавалы. Поп, рабін, ксёндз, буржуй, бог, чорт і іншыя фігуры былі вельмі сьмешны і карыкатурны ў гэтых карнавалах. Пераапранутыя, загрымаваныя комсамольцы жывым паказам бога і яго прыслужнікаў рабілі на маладую Стэфку моцнае ўражаньне, пераконвалі яе ў шкоднасьці веры і забабонаў больш, чым газэтныя артыкулы ў часы антырэлігійных кампаній. Ды газэт яна ніколі ня чытала («нудныя»). Яна паверыла ў неіснаваньне бога, як у зграбнасьць новамодных жаночых вопратак. Такога характару веды аб рэлігіі яна перадавала і дзецям. Яна часта зварочвалася да малых:
— Бачылі папа айца Дзімітрыя?
— Бачылі! — адказвалі дзеці на розныя галасы.
— А ксяндза бачылі?
— Бачылі!
— Адзін кудлаты, другі голены. Страшныя нейкія, у чорных халамідах. Праўда?