— Зусім добры чалавек! — падумаў Крушынскі і адпала ў яго злосьць за вобыск. Усе чырвонаармейцы здаваліся яму цяпер ветлымі, уважлівымі, і тое, што ўсюды раскінуты хатнія рэчы, вопраткі, было яму прыемна. «Раней магла быць падазронасьць на яго, што контрабандай займаецца, а цяпер і гэтага ня будзе — пасьля вобыску»…
— А вы адкуль? — запытаўся «дзядзя» ў Стэфкі.
— З Менску, — шапнула яна ціхім голасам.
У яе вачох быў сполах і сорам.
— Дзяцей вучыце?
— Але!
— Колькі-ж вам гаспадар плаціць?
— Мы не таргаваліся.
«Дзядзя» ў адзін міг аглянуў Стэфку з ног да галавы. Яна моцна пачырванела.
Уся суровасьць «дзядзі» прапала.
— Выбачайце, што мы вас занепакоілі — сказаў ён мяккім голасам.
— У якіх пакоях мы яшчэ ня шукалі? — запытаўся «дзядзя» ў чырвонаармейцаў.
— А вось, таварыш, у тым бакавым пакоі! — адказаў Крушынскі. — Пойдзем туды.
Старшы пры вобыску адразу зьвярнуў увагу на выразку з газэты «Беларуская вёска» з портрэтам гаспадара.
— Гэта вы? — зьвярнуўся ён да Крушынскага.
— Гэта я сам! — горда і ўпэўнена адказаў гаспадар.
Старшы чытаў уголас газэтны артыкульчык і ківаў галавою. Пры кожным новым сказе ён адварочваўся ад сьцяны да Крушынскага з запытаньнямі:
— Дык вы прымалі ўдзел у партызанскім руху пры польскай окупацыі?
— Вы рэволюцыянэр з 1905 году?
— Ранены?
— Вы грамадзкі дзеяч?
— У вас культурная гаспадарка?
Кожнае з гэтых запытаньняў сьцябала Крушынскага па галаве шаўковай пугай. Сьцёбаньне было прыемнае, нібы ласкі матчынай рукі.