Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 1-я кніга (1929).pdf/274

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

займацца контрабандай, хто будзе ў агульнай нашай беднаце старацца вялікае багацьце нажываць! Гэтае багацьце, гэтае золата, таварышы, украдзена ад нас! (ён стукнуў сабе кулаком у грудзі і вытарашчыў вочы, поўныя болі і пашкадаваньня, на грамаду). Гэтае багацьце ад нас украдзенае — народнае дабро! Мы працуем-гаруем, а чорт нейкі хоча нашу кроў і пот выкарыстоўваць!

Ён адсапнуўся. Палажыў адну руку ў кішэні штаноў, а другою пачаў махаць у паветры, нібы клічучы да сябе і неба, і зямлю, і ўсіх жывых істот на дапамогу:

— Таварышы! (ён захлёбваўся ўласнымі словамі). Таварышы! Вельмі добра, калі чалавек свайго жыцьця не шкадуе, калі не баіцца вось, як гэты чалавек, праліваць сваю ўласную кроў. Вельмі добра! Але гэта правільна тады, калі ён пралівае сваю кроў у змаганьні з сусьветнай акулай імпэрыялізму, калі ён стаіць на рабочым фронце супроць капіталу!

Прамоўца пачаў хадзіць, тупацца туды і сюды па траве, нібы адбівае нагамі вайсковы марш. Цяпер яму ўжо ня есьці хацелася, а піць. Ён глытаў сваю ўласную сьліну, якая пенілася на губах, і выціраў рот рукою.

— Мы павінны, таварышы, багацець. Калі зробімся багатымі, дык уся наша пролетарская дзяржава багатай будзе. Толькі не такім чынам, як гэты злачынец! Мы павінны весьці па-культурнаму сваю гаспадарку, тады ў нас усё будзе добра! Ёсьць, праўда, у нас культурныя гаспадаркі, яны ў пашане ў рабочых і сялян. Ім дзяржава памагае. Аб такіх слаўных людзях нават у газэтах пішуць, портрэты іхныя друкуюць побач з портрэтам таварыша Леніна! Але такіх людзей, таварышы, пакуль што ў нас нямнога.

У Крушынскага пры гэтых словах загарэўся твар. Ён адчуваў сябе так, нібы яго аблілі бэнзынай і прыткнуліся запаленай сярнічкай.

— Толькі ня думайце, таварышы, што мы, гэта значыць, наша ўлада і яе прадстаўнікі, такія жорсткія, — што-небудзь, дык адразу страляць… Не! і гэты чалавек ня быў-бы застрэлены, каб не ўцякаў. Яму крычалі «стой!», а ён наўцёкі.

Хоць пры гэтым простым тлумачэньні ў Крушынскага тон быў ужо не ранейшы ўрачысты, аднак, ён думаў яшчэ гава-