Перад кардонам сабралася многа народу. У той-жа дзень уся ваколіца ведала, што Рахмілька забіты. Многія пакідалі працу і прыходзілі глядзець. Кардон знаходзіцца ў доме былога паліцэйскага вурадніка, які з усёй сям’ю ўцёк у Польшчу яшчэ ў 1918 годзе пры немцах. Хоць дом яго ў самым мястэчку, але выглядае абасобленым хутарам. Стаіць глыбока ў дварэ за высокім частаколам, які цягнецца ўдоўжкі на палавіну вуліцы. Некалькі дзесяцін займае вурадніцкі сад, абсаджаны з боку вуліцы густымі ліпамі.
Рахмілька ляжыць на дзядзінцы. Абапал стаяць лубянкі з контрабандаю, а золата так і засталося ў чырвонаармейскай шапцы.
Начальнік кардону — высокі худы чырвонаармеец, успацелы ад гарачыні, настаўляе на Рахмільку фотоапарат.
— Аддайце мне шапку, таварыш начальнік! — просіць той самы чырвонаармеец Панашчук, які на балоце ўсыпаў золата Рахмількі ў сваю ўласную шапку.
— Потым аддам!
Чорная чупрына Панашчука блішчыць на сонцы, лезе птушыным крылом на вочы, на твар. Усёй загрубелай бурай пецярнёю ён заграбае чупрыну і адкідвае назад, вызваляючы з-пад валасоў шырокі лоб, які да палавіны буры, загарэлы ад сонца, а вышэй таго месца, дзе заўсёды прыкрыта шапкай, мігціцца белая паласа. Каля ног круцяцца куры, капаюцца ў пяску.
— Акыш! Ліха вашай матары!
Чырвонаармеец, правай нагою разганяе кур.
Крушынскі ў задуменьні круціць вусы і пазірае то на апарат, то на Рахмільку.
… Палавіну майго багацьця фотографуе гад гэты, ды што майго багацьця! Гэта-ж народнае! Для Драздоў і Дзятлаў дабрабыт рыхтаваў. Мне добра жылося-б — было-б ня кепска і ім.
Крушынскі ўсьміхаецца. Яму прыемна хоць тое, што і ў сваіх уласных думках ён апраўданы: «не яго дабро, а народнае».
Завостраны сіні нос Рахмількі ў неба глядзіць. Вочы такія, што жудасна на іх зірнуць.
Крушынскі ўспамінае гучны сьмех і вясёлыя жарты Рахмількі. Яму шкода гэтага маладога дзяцюка, так балюча