Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 1-я кніга (1929).pdf/265

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ён асьцярожна, каб не разбудзіць жонку, сеў на ложку.

Паводле ўгавору, Рахмілька павінен быў зараз прыйсьці, каб паведаміць аб выніках гэтай ночы, расказаць, як удалася справа.

— Чаму Рахмількі яшчэ няма? Ён павінен быў прыйсьці сюды ўжо гадзіну таму назад.

Крушынскаму неадчэпна лез у галаву вясёлы твар Рахмількі, яго зычны голас, інтонацыя. Часам Рахмілька гаварыў сьмешна. Гэта было тады, калі стараўся хутка гаварыць. У такіх выпадках ён сам замест «з» гаварыў «ж», замест «с» — «ш», замест «ц» — «ч» і наадварот. Напрыклад, «шагоньня пойджам на шаназач» замест «сягоньня пойдзем на сенажаць».

Крушынскі ўспомніў гэты сказ, пачаў мармытаць Рахмільчыны словы. Яму ніяк не ўдавалася выгаварваць так, як Рахмілька. Потым яго думкі пераскочылі на тыя пяцьдзесят рублёў, што выкінуў на дарогу для селяніна, каб той не брахаў аб контрабандзе. Рахмілька яго за гэта прабіраў, але ён, Крушынскі, ведае што робіць; засееш капейку — і вырасьце рубель. Трэба толькі ўмець сеяць.

Ён падлічваў напамяць, колькі яму каштавалі косы, газэты, выпіўкі і розныя падарункі суседзям. Падвёў агульны падрахунак. Потым давай лічыць тое, што на жніве бабы адраблялі, сенакос і іншыя такія адробкі. Вышла, што яго выдаткі вярнуліся назад удвойчы, утройчы…

Ён усьміхнуўся. Каб усьмешка ня была захавана пад вусамі, дык выглядала-б усьмешкай бога — дабрадушнай, выбачлівай і спакойнай. Так прынамсі маляваў-бы госпада-бога той маляр, у ўяўленьні якога бог — ня грозны мсьцівец за грахі людзкія, а разумны, хітраваты і не заўсёды кепскі.

За тонкай сьцяной спальні чуваць былі шолахі і ціхае мармытаньне. Там спала ў алькерыку настаўніца Стэфка.

Крушынскі, у кожную ноч, тоячыся ад, жонкі, прыслухоўваўся да таго, што робіцца ў алькерыку, Гэта з тых часоў, калі Стэфка танцавала, на вясельлі. Спачатку ён стараўся рознымі спосабамі ўгаварваць самога сябе, што ня трэба яму цікавіцца гэтай дзяўчынай. Па-першае, пачуцьцё да яе адарве яго ад працы. Аднак, гэта «па-першае» было зараз-жа адкінута — ён з яшчэ большым імпэтам імкнуўся зарабляць грошы,