Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 1-я кніга (1929).pdf/262

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І здаецца Рахмільку, што ноч — не такая, як усе: туман, таямніца і харобрасьць.

… Чым ня гэткая адвага, як на фронце на першай лініі агню? Толькі там карысьці няма, а тут, калі ўдасца, у цябе будуць поўныя кішэні золата…

У лесе, блізкім ад граніцы, людзі чакаюць Рахмільку. Яны асьцярожна здымаюць з воза шчаціну. На пустым возе застаецца хлопец. Людзі нясуць пакі з шчацінаю. Скачуць па балоце з купіны на купіну, часам па пояс у багно ўсунуцца.

На Рахмільку нападае страх — такі вялікі, ажна сэрца сьціскаецца ў грудзёх. Сполах паўзе ў яго нутро нявідочным сямігаловым зьмеем, студзіць кроў, разьліваецца па жылах ільдзяной дурнап’янай настойкай. Шапка расьце на галаве. Так заўсёды, калі ён тут бывае. Кожны раз клянецца самому сабе, што болей ня будзе езьдзіць на граніцу, што гэта апошні раз. Сьведкам у яго — бог… Але «сьведка» маўчыць і, заўсёды пасьля ўдачнага «паходу», Рахмілька забываецца і аб страху, і аб «сьведку». «Сьведку» ён ня бачыць, а страх надыходзіць заўсёды толькі на гэтым месцы — на балоце, недалёка ад рэчкі, а потым лезе ў шчыліну, нібы цень зайца. Сягоньня страх крадзецца да яго з-пад кожнага куста, змрочнай вольхі, ці дробнай скрыўленай бярозкі. Корч здаецца яму чалавекам. Лісьцяны шолах — падазроным шэптам.

— Ціха… чаго так сапеш? — кажа Рахмілька суседу.

— Асьцярожна… — шэпча другому.

Густы туман сьцелецца па рудаўках. Дзесьці з-пад карчоў выдае адрывістыя гукі бухала. З таго берагу рэчкі, з заграніцы чуваць крыкі пеўняў і стрыманыя брэхі сабак.

Рахмілька спыняе людзей і пачынае пільна прыслухоўвацца. Брэшуць у пераменку два сабакі: адзін грубым працяглым басам з рознымі пералівамі, якія пераходзяць у жудаснае выцьцё, другі — з няпэўным хрыплым піскам. Як сьціхне адзін, пачынае другі. Па чарзе глушаць ноч няпрыемным гаўканьнем.

— Эт, глупства!

Ідуць далей.

… У апошні раз… Няхай сам Крушынскі папробуе…

Вось і рэчка. Шырокае плёса. З «таго» боку — высокая сьцяна тонкай лазы. Перайшлі ў брод. Іх чакаюць на «тым» баку за лазьняком.