Жудасна стала тады на сэрцы Івану Мацьвеевічу. Да вечара (да адыходу цягніка, на якім яму трэба было абавязкова кудысьці паехаць) ён сядзеў у апусьцелай кватэры. Швэндаўся з кута ў кут і меркаваў: вось хутка жонка атрымае тэлеграму…
… «Ён памер ад запаленьня мазгоў», — будзе думаць яна. — Вось чаму ён апошнія часы быў нейкім дзіваком і мэлянхолікам. Мазгі яшчэ тады былі ў яго не ў парадку, — дагадаецца яна і пачне сваім бацьком апавядаць, як ён трымаўся ўвесь час, якім ён быў заўсёды устрывожаным, зьбянтэжаным. «А я сварылася з ім, а я падазравала, што ён вядзе шашні з машыністкамі, а я… такая благая: паехала ў госьці ў той час, калі мне трэба было быць пры ім…» Жонка будзе рукі ламаць да хрусту пальцаў. У яе вачох затуманіцца вялікае гора і роспач.
Жаль агарнуў Івана Мацьвеевіча да Антона Сяргеевіча.
Ён ціха заплакаў.
… Не. Будзе ня так. У такім выглядзе жонка будзе выяўляць сваё гора пазьней, калі страшны боль усьцішыцца. Спачатку будзе вось як: жонка прачытае першыя словы тэлеграмы. Яна выпадзе з яе дрыжучых пальцаў… (Ён жыва ўяўляў яе ружовыя дрыжучыя пальцы).
… Жонка бухнецца на падлогу, Падбяжыць маленькі хлопчык Мішка, зьдзівіцца, што мама раптам заснула на падлозе. У пакоі пачнецца беганіна, перапалох. Усе даведаюцца, што я памёр. Жонка будзе ляжаць на ложку ў няпрытомнасьці. Яе пачнуць паіць разнымі кроплямі, валяр’янкай. Ва ўсіх куткох кватэры падымецца плач. Маленькая, пухленькая Люська пачне пляскаць у ладкі і кожнаму гаварыць: «Папка памёль… папка памёль… Ён цяпер у бозенькі…» Так дзед ёй растлумачыць аб маёй сьмерці.
Іван Мацьвеевіч жыва бачыў перад нутраным зрокам усё гэта. Яму тады здавалася, што чуе прыглушаны плач сваіх родных і блізкіх.
Ён закусваў губы. Стараўся сьціскваць зубы так шчыльна, каб яны прыкра не барабанілі адзін аб адзін. Ком падступіў пад горла. Агроном прыціснуўся лобам да шкла вакна, каб трохі ахаладзіцца.
Сонечная вуліца выглядала мутнай.
… Чаму людзі такія туманныя, як-бы пад вадою?
Ён доўга стаяў нярухомым ля вакна.