Правандруе, прагойсае вецер па пяску і замяце воўчыя сьляды. Як-бы іх тут ніколі ня было. Пасьпеў за нейкі час селянін забыць пра авечку, не дае болей пастуху стрэльбы ў поле. І не памятаюць прасторы, што тут яшчэ колькі дзён таму назад водгаласкі-рэхі каціліся і палохалі неба.
А такая забава зусім не для дарослага чалавека: пасьля купаньня голым спацыраваць у гарачым ад сонца залацістым пяску.
Дарослы чалавек любуецца на адбіткі ўласных ног. Пясок гладкі і пяшчотны, як падушка. Чалавек ляжаў-грэўся раней у гэтым пяску, раскідаў рукамі, нібы плысьці зьбіраўся, прыкладваўся тварам, як да прыску. Пясок, нібы п’яўка, высмактаў рэчную вільгаць з цела.
Ён стомлена падняўся на ногі, быццам не сваё ўласнае цела падымае, а цягне ўверх з гультаяватым крэктам і стогнам нейкі цяжар на сьпіне; абцёр, абтрос лясок з грудзей, рук і з усяго цела, прыплюснуў вочы на сонца, нібы кот, зьнізіў іх на зямлю, наставіў правую далонь над вачыма, як брыль, і давай шукаць па шліфаваным золаце пяску воўчых сьлядоў.
— Вось яны!
Абрадваўся знаходцы.
Пярэднія лапы глыбока адклеймаваны. Каб цяпер улілі туды вадкі разьведзены гіпс, дык воўчыя лапы вышлі-б жывюткімі.
Чалавек усьміхаецца.
Доўга, з вялікай зацікаўленасьцю, глядзіць на воўчыя сьляды — і вось пачынае практыкавацца ў новым мастацтве: ён робіць спробы ўласнымі сьлядамі. Спачатку згібае і разгібае пальцы ног, робіць імі розныя выкрутасы як пальцамі рук.
Ён успамінае, што калі быў яшчэ хлапчуком, бачыў на Траецкай гары ў Менску ў балаганчыку чалавека зусім бяз рук. Той трымаў аловак правай нагою і пісаў, пальцамі ног уцягваў нітку ў голку. Усё гэта рабілася пад музыку губной гармошкі. Каб любавацца на гэты фокус, ён тады заплаціў пяць капеек.
Ён ставіць цяпер уласнымі нагамі сьляды побач з воўчымі:
— Няхай і чалавечыя тут будуць!
Прайшоўшы так некалькі крокаў, чалавек спыніўся на месцы і давай прыглядацца да ўласных сьлядоў. Углыбленьні наўмысьне прыгнутых пальцаў паказваюць форму нагі не чалавека, а нейкага