— Відаць, я здорава яго напалохаў! — падумаў Мікола. — Аб такім факце трэба будзе ў газэту напісаць!
Яму не ўпяршыню было супрацоўнічаць у газэтах. Першую школу літаратуры праходзіў у насьценнай газэце.
Дзень удаўся дажджлівы. Дробны, густы дождж барабаніў у шыбы. Якраз быў вольны час. У хаце пісаць нельга было і Мікола пашоў у стары ток.
Ток быў запушчаны. Дах прасьвечваўся, набрак гліняны памост. Калі Мікола праходзіў па гліне, дык ногі гразьлі і сьляды ад іх заставаліся на памосьце. Пахла трухляцінаю і вільгацю. Пад дахам было шмат павуціньня. Ток яшчэ быў пусты. Жыта было ў азяродзе. На сьцяне на калкох віселі граблі, вілы і цапы. У кутку стаяла пара кублаў, адзін парожны, а другі з леташнім сухім гарохам. Каля сьцяны пад цэлым кавалкам даху стаяла «машынізацыя» іхнай гаспадаркі — старая арфа. Мікола прымасьціўся да арфы і пачаў пісаць корэспондэнцыю ў газэту аб новым знахары. Кожны раз, калі яму прыходзілася пісаць для газэты аб недахопах у савецкім будаўніцтве, ён успамінаў словы свайго начальства:
— Ня трэба сьмецьця з хаты выносіць. Усё можна наладзіць сямейным парадкам. Кожны раз Міколе агідна рабілася ад гэтых слоў. Ён напісаў вельмі вострую корэспондэнцыю. Думаў — у якую газэту паслаць.
— Трэба было папрасіць Саўку што-колечы на гэту тэму напісаць! — пажартаваў у думках Мікола. — Але шкада хлапца, бо пачнецца ў яго творчасьці зноў блытаніна паміж вершам, апавяданьнем і артыкулам.
Як расьпісаўся, дык яшчэ захацелася пісаць.
— Аб чым-жа?
Успомніў знаходку бацькі і штраф.
— Ёсьць! Толькі не для газэты, а заява ў пагранатрад.
Мікола напісаў:
«Як усім вядома, у пагранічнай паласе арудуе контрабанда. Каго трэба, таго ня зловяць. Часам пападаюцца зусім невінаватыя людзі. Нядаўна аштрафавалі і майго бацьку, Цыпрука Ярэмчыка, на пяцьдзесят рублеў за контрабанду. Каб зьняць паганае кляймо з нашай сям’і, паведамляю, што яму, бацьку майму, Цыпруку Ярэмчыку, гэта контрабанда (кавалак сукна) была падкінута на дарозе Язэпам Крушынскім з хутару Курганішча.