Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 1-я кніга (1929).pdf/242

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гію Падласых. І той нявідочны гаварыў нячутна вушам, але чутна ўсяму нутру Цыпрука:

— Вось табе ўцеха ў жыцьці. У гэтым і адвечнасьць на зямлі: Падласая II зьяўляецца працягам Падласай I, як і твае дзеці будуць працягам твайго ўласнага існаваньня. Ты бесьсьмяротны і ўсе жывыя істоты не прападаюць у хвалях сусьвету.

Не такімі словамі гаварыў Цыпруку гэтыя думкі той «нявідочны», але сэнс такі быў.

Падласая II даравала Цыпруку на кожныя каляды «сынка».

Так Цыпрук называў бычкоў Падласай II.

Вельмі чуліла Цыпрука, што Падласая II кожны раз целіцца ў сьвятыя дні «ражства». У гэтым ён бачыў «божы знак», глядзеў на Падласую II набожнымі вачыма. Але вельмі шкадаваў, што ў яго не застанецца ад Падласай II насьледніцы — Падласай III. Праўда, ад бычкоў, калі яны вырастаюць у бугаі, таксама ідзе працяг роду, толькі тут генеолёгія такая заблытаная, што Цыпрук відавочна ня можа мець у сваім хлеве сымболю вечнага быцьця. Працяг роду павінен быць ад маткі. Магчыма і ў гэтым была для Цыпрука дзеля чагосьці новая адзнака ад «нявідочнага».

Ён часта прыглядаўся да Падласай II, вывучаў добра яе норавы: яна была спакойная, не пераборлівая ў ядзе, ня ішла ў шкоду і, наогул, мела шмат добрых якасьцяй у сваёй натуры, якія можна было параўнаць да вельмі добрага чалавека, якіх Цыпрук у жыцьці мала бачыў.

І што болей за ўсё яго дзівіла — гэта вочы каровы: рахманыя, добрыя і такія разумныя, ажна часам, калі яна доўга пазірала на Цыпрука, якому здавалася, што во’ зараз загаворыць… Часам, у халодную зіму, калі пад вясну з кормам прыходзілася кепска, і скаціна галадала, — у вачох Падласай II блішчэлі слёзы…

Цыпрук гэта многа разоў бачыў.

А, бывала, Цыпрук ідзе ўвосень за гумно, дзе Падласая II пасьвіцца, дык яна ціха рыкне да яго. Гэта Цыпрука вельмі цешыла і разьлівала па яго старых грудзёх цеплату…

Калі вёў Падласую II на продаж у Менск, ня мог у вочы ёй глядзець: вялікі злаўчынак. Толькі адзін раз у вочы ёй зірнуў.

Яны былі, як заўсёды, рахманыя і спакойныя. Але яму здавалася, што не такія. Ён бачыў у іх тое, што хацеў бачыць, — адлюстраваньне свайго ўласнага настрою.