Слаўны быў бугай! Прыгожы, з буйнымі рагамі, рослы, і нейкая царская веліч была ў яго постаці. Усіх кароў ваколіцы злучалі з ім.
Антон фанабэрыўся. Яго кожны раз гарэлкай паілі за такі гонар. І Цыпрук тады бутэльку самагону за пазухай нёс. З Антонам пілі. Як на хрэсьбінах гулялі.
Падласая I ацялілася на Каляды. Жонка апоўначы прынесла ў хату маленькую цялушачку, мокранькую, кволенькую, дрыжачую ад холаду. Жонка грэла цялушку каля печы, як малое дзіцё…
І памятае Цыпрук:
У зімовыя месяцы, у лютыя маразы цялушка гадавалася ў хаце. Зрабілі ёй загародку ў кутку. А ўвясну, калі сонца добра прыгрэла, калі выган зазелянеўся, цялушку выпусьцілі на волю. Яна нюхала паветра, жмурыла вочы на сонца, мэкнула пару разоў і спалохалася. На адным месцы стаяла, нібы ўрасла нагамі ў вільготныя дзёрны выгану. Першы раз сонца пабачыла…
Так стаяла некалькі хвілін.
Потым няпрытомная радасьць заблішчэла ў яе выпучаных вялікіх вачох: закруціла хвастом, прыгнулася мордай да зямлі і пару разоў лізанула языком маладую траўку. Замэкала ў другі раз няпрытомна і трывожна, скокнула на месцы, як спрунжына, усімі чатырма нагамі. У паветры дугу зрабіла. Кружылася на адным месцы, як скакуха на вечарынцы. Пусьцілася па выгане бягом, нібы воўк за ей гоніцца; пабрыквала, вырабляла розныя круць-верці — і ня ведала, дзе дзецца ад шчырай радасьці.
Цыпрук памятае. Ён глядзеў тады на цялушу і цешыўся ад усяго сэрца…
Вырасла Падласая II — у матку ўдалася, цюцелька ў цюцельку. А як Падласую I трэба было зарэзаць, калі нагу выкруціла на балоце, ён знайшоў уцеху ў тым, што Падласая II была ўжо рослая. Ён і дачушку Падласай I завёў да Антона, у якога тады быў другі бугай (таксама добрага заводу). І ў гэты раз з гарэлкай: пустых рук ня любіць Цыпрук — «не шанцуе».
Такі пераход ад Падласай I да Падласай II відавочна тлумачыў Цыпруку строгі і акуратны ход жыцьця. Як-бы нехта нявідочны паказваў яму добрай, літасьшвай рукою на генеолё-