— Віхор носіць яе! — кажа шчыра зьдзіўлены Сухарукі.
— Чэрці ў яе нагах сядзяць! — цмокае губамі Галава.
Усе маўчаць. Усе лезуць бліжэй да памосту. Вяскоўцы ў нямым захапленьні абкружаюць памост. Жывы вянец людзкіх вачэй сочыць за танцам Стэфкі, за кожным яе рухам, за ўзорамі, якія яна тчэ на белых дошках. Ня ведаюць, на што болей зварочваць увагу — ці на фокусы ног, ці на рукі, якімі яна робіць плаўныя, зграбныя рухі і гесты, ці на выраз твару і вачэй.
Так людзі дзіваваліся-б на сямікаляровую вясёлку, якая апусьцілася-б на белыя дошкі памосту і пачала-б тут пераміргвацца з людзьмі.
Крушынскі ловіць вачыма ўсё, мерыць кожную частку яе цела сваёй уласнай меркай. Глядзіць як на скарб ім адным знойдзены, які яму аднаму належыць.
… І якая яна прыгожая… якая дзіўная, надзвычайная…
Думкі ў Крушынскага мігацяць, як іскры. Адна думка затапляе блескам другую. У сэрцы расьце надзвычайны сум — палючы, радасны, невядомы. І тое, што па дарозе з Менску частаваў Стэфку цукеркамі, расчульвае яго, павышае ў сваіх уласным вачох. Ён ганарыцца гэтым. Яму прыемна, што некалькі сот вачэй глядзіць цяпер на «яго» Стэфку з захапленьнем. Яе слава — яго слава. Сэрца гарыць, не знаходзіць месца. У памяць лезе песьня, ледзь ня зрываецца з яго губ:
|
Дайте мне за руб с полтиной |
— Чаго ў цябе так вочы асалавелі? Чаго мармычаш? — злосна шэпча яму ў вуха пані Ганна і худымі халоднымі пальцамі сьціскае яго руку.
— Кінь, дай глядзець!
Твар гарманістага пакрыўся потам. Спачатку яму прыемна іграць пад тэмп скокаў «паненкі», але з кожным разам яму робіцца цяжэй. Пальцы хадуном ходзяць, круцяцца, выкручваюцца. Гармонік млее на яго каленях. Апошні крык гармоніка хрыпла булькае басавым водгульлем, выдае слабы стогн