Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 1-я кніга (1929).pdf/238

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

трымае здаровую руку над сваёй галавою, нібы кіруе цэлай арміяй.

Здалёк стаяць Крушынскія з настаўніцай. Сьмяюцца разам з усімі.

— Чаму вы, Стэфка, не танцуеце? — зьвярнуўся Крушынскі да настаўніцы.

— Я? Гэтых танцаў ня люблю. А танцаваць умею!

— Ідзеце, патанцуйце! — просіць Стэфку і пані Ганна. Яна пры гэтым крытычна аглядае застаўніцу з галавы да ног.

Стэфка чуе няпрыязьнь у голасе гаспадыні, неспагаднасьць да сябе. З такой неспагаднасьцю пані Ганна сустрэла яе з першага дня прыезду. Яна-б у той-жа дзень паехала назад у Менск, каб не адчувала да сябе ветласьць з боку гаспадара. З кожным днём расла ў Стэфкі злосьць да гаспадыні.

… Вось наўмысьне пайду танцаваць «казачка»!

Хуткімі крокамі Стэфка ідзе да памосту. Ніхто нават не заўважае. Толькі тады агледзеліся, як пачала танцаваць.

Галава і Сухарукі спынілі свой танец. Саскочылі з конфузам з памосту і разам з усімі з дзівам давай глядзець на танец «паненкі».

Спачатку яна перабірае нагамі дробненька, нібы гарох рассыпае па белых дошках. Потым павольна пачынае плысьці па памосьце. Робіць шырокія кругі. Пры гэтым здаецца, што ногі яе зусім не кранаюцца падлогі, а яна проста ў паветры носіцца. Белая кароткая спадніца паднімае яе, нібы скрыдлы матылька. Тэмп танцу робіцца шыбчэйшым з кожным новым кругам. Нават прымітыўная музыка апрыгожваецца, дзякуючы мастацкаму танцу. Здаецца, што кругі, якія робіць танцорка, мігацяцца ў вачох і застаюцца намаляванымі над белым памостам. З вачэй Стэфкі ня зыходзіць блеск і стомная, вясёлая ўсьмешка. Твар з кожным разам усё болей ружавее. Шчокі гараць. Тонкія губкі во-во зашэпчуць вабнае слова, паклічуць усіх на танец.

Ці танцорка на ўсіх глядзіць з прызывам-клічам?

Ці толькі на Крушынскага паглядае?

А можа на нікога не глядзіць. А Крушынскаму толькі здаецца, што глядзіць на яго і нават падміргвае?

— Ну і скакуха! — чуе Крушынскі за плячыма зайздросны шэпт жонкі.