— Вы — Дзятлы ў гэтым вінаваты!
— Вы — Дразды!
— Дзятлы!
— Дразды!
— Дзятлюгі!
— Дразьдзюгі!
Яны нічога ня маюць супроць таго, каб кулакамі вытлумачыць — хто вінаваты ў вечных плямённых непаразуменьнях. Толькі ў гэты час (час вышэйшага імпэту) абодва плямёны пераможаны, ці абодва перамагаюць: рукі ў іх слабеюць, вочы асалавелыя. Людзі адчуваюць сябе вельмі стомленымі. Сонца двоіцца і троіцца ў іх вачох. Нават чарка ў руках двоіцца і троіцца.
Дразды і Дзятлы ў перамешку без разбору соўгаюцца пад стол.
Яны сьняць дзіўныя сны згоды і супакою.
Сухарукі і Галава застаюцца пры стале. Сахарукі ніколі гарэлкі ня п’е, колькі-б не сядзеў пры выпіўцы. Галаву ніколі гарэлка не бярэ, колькі-б ня піў.
У гэты час маладыя танцуюць на памосьце з новых дошак. Многа пар кружыіца ў польцы. Пот льлецца ў іх з твараў.
Пакончыўшы з сваімі плямёнамі, Галава і Сухарукі глядзяць на танцораў. Глядзяць доўга, смакуюць. Галава міргае да Сухарукага, Сухарукі — да Галавы.
— Чаму-ж бы і нам не паскакаць?
— Я гатоў!
Правадыры Драздоў і Дзятлаў паднімаюцца з месца і накіроўваюцца парачкай (адзін нізкі, другі высокі) да белай дашчанай сцэны. Узьбіраюцца на памост. Маладыя танцоры з рогатам (хлопцы) і хіхатам (дзяўчаты) разьбягаюцца.
Гарманісты іграе цяпер толькі для Галавы і Сухарукага. Спэцыяльна для іх смаліць «казачка».
Танцуюць Галава і Сухарукі. Кароткі выступае супроць доўгага. Доўгі дае адпор. То дробна перабіраюць нагамі, то робяць плаўныя поўкругі. Упрысядкі скачуць адзін супроць аднаго. Адзін абыходзіць другога бокам і вядзе далей свой танец вакол яго, сьмешна прыцмоквае губамі. Галава пляскае ў далоні і паднімаецца на цыпачках да Сухарукага. Сухарукі