Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 1-я кніга (1929).pdf/232

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Крушынскаму і ня трэба хавацца ад жонкі. Стэфка яму зусім не падабаецца. Ён часта (у адсутнасьці жонкі) прыглядаецца да яе:

… Дзяўчанё, тоненькая, малая. Зусім не ў маім гусьце. Вось, каб рослая, поўная, круглая…

Яго расчуляе толькі яе гладкая, белая шыйка з кволенькімі завіткамі валаскоў, як у дзіцяці…

… У хаце ўсё-ж весялей цяпер: маладое, жывенькае, рухавенькае…

Крушынскі і не спадзяецца, што будзе захоплены маладою дзяўчынаю.

… Ці не старэць пачынаю? У мяне да Стэфкі проста бацькаўскія пачуцьці. Трэба будзе даць ёй шэрсьць на сукенку. А жонцы сказаць, што яна гэта ў Менску купіла. Не выпадае перад жонкай… Падумае чорт ведае што…

Ён зусім упэўнены:

… Так… бацькаўскія пачуцьці. Карміў яе цукеркамі ў дарозе, як малое дзіцянё. Яна шчабятала ўсю дарогу. Я нават туліў яе да сябе, як сваю Настачку…

Гэта яму прыемна: адносіцца як бацька да маладзенькай дзяўчыны. Але па сэрцы разьліваецца сум.

… Значыць, я ўжо старэю, расту ўніз… У мяне бадай такая, як Стэфка, дачка магла быць, каб раней на некалькі год жаніўся.

Раптам злосна круціць галавою:

… Дурныя думкі лезуць у галаву. Я і не стары. Глупства ўсё гэта! Давайце мне іншую дзяўчыну, у маім гусьце — і то доўга валаводзіцца няма калі. Шмат працы ў мяне.

Між волі пры гэтых думках у памяць Крушынскага ўсплывае песьня менская, дарэволюцыйная, кафэшантанная:

Дайте мне за руб с полтиной
Женщину с огнем, женщину с огнем!

Ён пачынае мармытаць гэту лесьню. Яна надае гульлівасьць, бадзёрасьць. Апошнія словы «женщину с огнём!» паўтарае многа разоў. Пераходзіць паволі ад высокага голасу да ледзь прыкметнага шэпту. Нібы кажа замову, робіць сабе амаладжэньне праз «женщину с огнем».

— Якое там «старэю»!