Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 1-я кніга (1929).pdf/230

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Болей усіх гарачымі вачыма глядзеў на яе сам гаспадар Курганішча. Стэфка заўважыла, што ён інакш на яе глядзіць пры людзёх і ня так, калі нікога няма. Пры людзёх вочы ў яго халодныя, звычайныя, часам і ня гляне на яе; а калі адзін — зусім іншае. Тады ў яго такія вочы, як у той час, калі яны ехалі з Менску. Усю дарогу карміў яе чакалядкамі. Чакалядкі так урэзаліся ў яе памяць, што кожны раз яна адчувае іх смак, як толькі Крушынскі на яе зірне.

Каб яна нявідзімкай апынулася ў Курганішчы на некалькі месяцаў раней і прыглядалася-б да тутэйшых парадкаў, вывучала-б хатні быт, выведала-б усе драбніцы жыцьця і суадносін сям’і Крушынскіх між сабою, дык цяпер заўважыла-б тут вялікія зьмены. А яна думала, што так, як пры ёй, было заўсёды.

Зьмены былі. Спрактыкаванае вока магло-б гэта заўважыць. З хатніх рэчаў, з мэблі, часьцей, чым раней, сьціраўся пыл («каб гарадзкая паненка не скрытыкавала»). Людзі таксама стараліся вайсковы пыл з сябе сьцерці: інакш трымаліся, інакш гаварылі, пановаму адносіліся да працы ў хаце.

Жонка Крушынскага, пані Ганна, пачала нават лепш адзявацца ў буднія дні, каб хоць гэтым мець перавагу над настаўніцай. Яна саромілася ў прысутнасьці настаўніцы крычаць на хатніх працаўніц. Пры ядзе, калі вакол стала бывала ўся сям’я, гаспадыня сядзела моўчкі, або гаварыла шэптам, адрывістымі сказамі. Нібы на кагосьці злавалася.

Часта, няпрыкметна для іншых, гаспадыня, паднімала падазроныя вочы то на мужа, то на маладую настаўніцу. Яна шукала між імі хоць тоненькую нітку інтымнасьці, сакрэту, прыязьні. Расшыфроўвала кожную ўсьмешку. У словах настаўніцы шукала захаванага, іншага зьместу. Напружнасьць адчувалася нават у яе рухах, гестах, хадзьбе. Яна ўвесь час знаходзілася на варце. Калі нікога ня бывала ў пакоі, яна варожымі вачыма калола дзьверы алькерыку, дзе жыла настаўніца. Нічога пры гэтым ня думала, толькі адчувала сябе так, нібы стаць голымі пятамі на гарачых вугольлях.

Настаўніца любіла сьпяваць. Калі часам з яе пакою чуліся сьпевы, пані Ганна пільна прыслухоўвалася, лавіла малейшыя пералівы мэлёдыі. Моршчылася ад няпрыемнага адчуваньня.