— Узгоркі…
Дзеці палюбілі «цёцю», адчувалі ў ёй добрую сяброўку, якая з часам, калі падвучыцца, будзе вельмі карыснай у гульнях. Калі яны больш асвоіліся з настаўніцай, дык часам рабілі ёй заўвагі:
— Цёця нічога ня ведае…
«Цёця» чырванела і сапраўды ня ведала, што на гэта адказваць.
Пасьля такіх заўваг яна перастала задаваць дзецям запытаньні такога роду, дзе магло выказвацца яе няведаньне. Пачала прыдумваць спосабы навучаньня і выхаваньня дзяцей, дзе сама магла быць ня ў ролі вучаніцы, а настаўніцы.
— Трэба будзе, апрача гульняў, вучыць чытаць і пісаць старэйшых дзяўчатак.
Уся ўвага Стэфкі была зьвернута на Настачку.
— Што ты, Настачка, умееш? — запыталася яна раз у дзяўчынкі.
Настачка з задзіўленьнем зірнула на «цёцю».
— Усё ўмею…
— А што? Чытаць можа ўмееш?
— Не… Я ўмею езьдзіць на кані. Часта татка садзіць мяне конна. Умею бульбу скрабаць, арфу круціць у таку, пацеркі з рабін на ніткі нанізваць. Усё ўмею: танцаваць, рыбу лавіць з хлопчыкамі, скарбаў шукаць. Усё ўмею!
Шчырая ўпэўненасьць чулася ў голасе Настачкі.
— Настачка і сьпяваць умее! — дадала Мзей.
— Вось гэта добра! Вельмі добра!
Настаўніца ўзрадавалася. Са сьпеваў трэба было і пачаць.
— Засьпявай што колечы!
Настачка запяяла:
|
Нашу вёску Курганішча |
Настачка, як дарослая вясковая дзяўчына, зацягвала дрындушку. Рабіла пры гэтым розныя выкрутасы. Сьпявала гульлівым галаском. Паднімала плечыкі, махала ручкамі, быццам во-во пусьціцца скакаць, быццам ёй акомпануе гармонік.