Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 1-я кніга (1929).pdf/220

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

хаў, у якія шчыра верылі. Страхі яны сваімі вачыма бачылі ў лесе, калі знайшлі скарб…

Залатая сонечная краінка апранала дзяцей у лёгкі мядовага колеру шоўк. Надавала іхным тварам урачысты выгляд. Яны былі тады загрымаваны ў казачных хохлікаў асьветленых палаючымі паходнямі.

Дзеці самім сабе здаваліся іншымі істотамі. Змораныя за дзень бегатнёю па дзядзінцы і полі, яны заўсёды адчувалі сябе ў алькерыку стомленымі; прыемная зморанасьць разьлівалася па жылах смачным дрымотным пітвом, матчынай пяшчотай.

— Настачка, прытулі мяне… — Шаптала тады Мзей ледзь чутным галаском.

Мзей клала Настачцы галоўку на калені і зараз-жа задрэмвала. Настачка жмурыла вочкі ва ўсе шэра-змрочныя куткі алькерыку. Адусюль глядзелі на яе сьмешныя фізыяноміі вясковых дзяцей, з якімі днём забаўлялася. Бліскалі вачыма. Высоўвалі языкі. Хутка яны зьнікалі. Цені пакрывалі лёгкай коўдрай іх твары.

Настачка не баіцца: яна ў сонцы, у цудадзейнай паласе — ружовай, цеплаватай, дрыжучай, у якой пылінкі мітусяцца, нібы срыбныя камарыкі. Настачка можа і баялася-б надыходзячых змрокаў, калі сонечная паласа пачынала шарэць і стушоўвацца, калі «залатая краінка» гойдалася ў змроках і тварык Мзей бляднеў ад таго, што сонца з яго зыходзіла. Заўсёды ў гэты час нехта абвязваў Настачку тоненькай вяровачкай, абкручваў рукі, ногі. Нехта ткаў па яе твары лёганькую павуціну, куды болей тонкую за тую, што Настачка бачыла часам на вакне. Настачка хацела вызваляцца з гэтай сеткі, але не магла: рукі і ногі былі моцна зьвязаны. Хацела крычаць, таксама не магла: рот быў моцна склеены павуцінай. Тады яна пачынала тузгацца, рвацца і… ляцела, плыла ўгару з Мзей на руках. Яна ўжо не ў алькерыку, а на дзядзінцы. Унізе тата і мама, усе равесьнікі — дзеці вясковыя. Крычаць, просяць, моляць:

— Настачка, не ўлятай ад нас…

— Настачка, апусьціся на зямлю…

Яна — вышэй і вышэй…

Ноч.

Зоркі перасыпаюцца па небе залатым гарохам.

Настачка ляціць да зорак…