У гэты час ён прыдумваў форму — як расказаць гісторыю свае падарожы.
— Я-ж вочы свае выплакала, ліха на цябе! Было каго шкадаваць! Раскажы-ж! Што ты, анямеў?
— Пачакай, маці, ці што? Я зараз…
Ён узяўся рукой за лоб, падняўся з месца і зноў сеў.
Памятаеш, маці, як я войкаў?
— А як-жа, у цябе зубы балелі, каб іх…
— Вось з гэтага і пашло, і пашло, і пашло… Я пусьціўся да шаптуна. Там, на ліха, яны, зубы, балець перасталі, — і шаптун мяне прагнаў.
— Добра зрабіў!
— Пачакай, маці, ці што? Я пераначаваў у аднаго чалавека і пашоў дамоў. На дарозе мне пашанцавала — я знайшоў кавалак сукна.
— Дзе твая торба? — усхапілася старая.
— Вось, думаю, прынясу дахаты… Ажна тут накруціліся чырвонаармейцы — конныя. Лоўкія хлопцы такія, сьмяяліся, жартавалі, яй-права! Мы пагаварылі і я сабе пашоў далей. Не агледзеўся я — і сукна няма — згубіў знаходачку…
— Як?! Згубіў? — старая ўскочыла з месца. — Вось дурны! Гэта-ж у хаце прыгадзілася-б! Асталопіна ты!
— Маўчы, маці! Дай гаварыць, ці што? Чырвонаармейцы знайшлі сукно і мяне затрымалі. Хто ты? — пытаюцца, і дзе кортрабанду дастаў? Гэта, кажу, сукно, а не кортрабанда. Ну, яны мяне і арыштавалі. Патрымалі ў сваім кардоне, а потым пагналі ў Менск. Распыталі там, хто я, што — і выпусьцілі на волю. Казалі — суд будзе. Прыдзецца плаціць пяцьдзесят рублёў штрафу або на казённым хлебе пасядзець. Мяркую адну карову прадаць, ці што?
— Вось і знаходка! Цыпручыха заламала рукі. — Тады адзін войкаў, а цяпер усе войкаць будзем.
— Няхай цяпер хоць куча золата ляжыць на дарозе, — апраўдваўся стары, — яй-права, маці, ня буду чапаць!
— Дурны, як бот!
— Да позьняй ночы Цыпрук мусіў пераказваць суседзям сваю прыгоду. З кожным разам ён апавядаў усё болей падрабязна. Першы кароткі конспэкт вырас за дзень у вялікую, цікавую аповесьць.