Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 1-я кніга (1929).pdf/191

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

пераходзіць у рэальнасьць, у зьдзейсьненьне. Нейкая пяшчотнасьць зьявілася ў сэрцы. Дрэвы ў парку, правільныя прысады, сьпевы жаўранкаў нібы гаварылі яму, што вельмі добра жыць на сьвеце. Ён стараўся вызваліцца з-пад гульлівага настрою, які раптам ахапіў яго. Дзеля нейкай настаўніцы зусім не пасуе так радавацца яму — сямейнаму чалавеку, у якога так многа клапатлівых спраў. Успомніў худзенькую, паблеклую жонку і напусьціў на сябе посны, невінаваты выгляд.

— Што-ж вы так задумаліся, мой жвавенькі сваячок?

— Ат, нічога! Ведаеце, столькі клапот у мяне.

— Кіньце клапатаць!

— Калі галава завалена рознымі справамі па гаспадарцы.

У яго сэрцы тымчасам пачало цьвісьці нешта новае, вабнае: «жартачкі, маладая дзяўчына будзе ў Курганішчы…» Гэта няяснае і туманістае адчуваньне вельмі радавала яго.

— Сьвята… сьвята… — сьпявалі птушкі ў парку.

— Радасьць… радасьць… — шорхаў пясок пад нагамі.

Кожную маладую жанчыну, якая праходзіла па дарожцы, ён мерыў вачыма з галавы да ног, узіраўся ў таемнасьць яе вачэй і ўсё меркаваў:

… Ці не такая будзе настаўніца? Ці не падобная да гэтай?

— Заклапочаны сваячок, вочы сапсуеце!

— Кіньце жартаваць, пані Мар’я!

— Ма-а-ро-о-жанае! — пачуўся раптам крык над самым вухам. — Маро-о-о-жанае!

— Ой, спалохалася! Вам, дзядзька Язэп, сапраўды трэба хоць марожаным кроў сваю ахаладзіць. А то пачынаю гарэць і я ад аднэй блізкасьці да вас.

— Нічога. Не згарыцё. Я ўжо астыў. Мне сёлета стукнула сорак год.

— А забыліся, як яшчэ ў мінулым годзе мне мігдалёвыя вочы рабілі?

— Што-ж! Тады мне было ўсяго толькі трыццаць дзевяць.

Ён крутнуў па-заліхвацку вусамі і зірнуў ёй у самыя вочы.

— А цяпер глядзіцё на мяне, як-бы вам усяго дзевятнаццаць? Ой мужу скажу!

— Нічога. Свае людзі. А скажэце, родненькая, тая дзяўчына высокая, ці нізкая?

— Самі пабачыце! Ну, ня лезьце! Дам па руках. Ой, дам!