шыя. Галава прымацавана да карку. Аднак ён вёртка круціць ёю ва ўсе бакі. Яго шэрая жакетка расшпілена. Выступае камізэлька, з зашмальцаваным да бліскучасьці кантам. Срыбны ланцужок ад гадзіньніка блішчыць на шырокіх грудзёх.
Зэлік выцягнуў Крушынскаму насустрач руку з тоўстымі кароткімі пальцамі — таксама ружовую, у рабаценьні. Нібы не прывітацца хоча з гасьцём, а ляпнуць яго тоўстай рукою.
Ён моцна, смакуючы, сьціснуў руку Крушынскага і прагаварыў коратка, адрывіста, тоненькім галаском:
— Язэпка, гэта ты?
Галасок Зэліка не гармонаваў з яго прысадзістай магутнай фігурай. Такі чалавек павінен быў, здаецца, гаварыць тлустым, грудным басам. Выглядала, нібы за яго плячыма хаваецца худы чалавечак і гаворыць за Зэліка тоненькім галаском, а Зэлік толькі так сабе, для віду, расчыняе і зачыняе рот.
Зэлік доўга ўглядаецца ў Крушынскага, нібы бачыць яго ўпяршыню:
— Ты-ж хіба не асьлеп, Зэлік?
— Маё шчасьце, што не асьлеп. Хоць ты хацеў мяне асьляпіць.
— Я?!
— Ты!
Крушынскі выставіў на Зэліка зьдзіўленыя вочы.
— Ідзём у хату, Язэпка ты, пагаворым, — прапішчэў Зэлік лагодным галаском і палажыў на плячо Крушынскага правую руку так моцна, ажна той прысеў.
— Ня дуры, Зэлік!
— Пагаворым, Язэпка ты!
— Атрымаў шэсьць скрынак у Шмуйлы Заменскага?
— Вось аб гэтым і будзе гутарка, Язэпка ты!
Тон Зэліка Крушынскаму не спадабаўся. У гэтым «Язэпка ты» адчувалася лаянка.
Яны ўвайшлі ў хату.
Праз вялікі, брудны пакой, дзе кружыўся рыжы хлопчык, вельмі падобны да Зэліка, перайшлі ў другі, меншы. Там стаяў стол, засланы жоўтай цыратай, некалькі крэслаў, камода, шафа і пара ложкаў з горамі падушак. На сьцяне вісеў портрэт старога рабіна ў ярмолцы, увесь у мушыных сьлядзінках.
Зэлік і Крушынскі прыселі.