нам халоднай вадою. Потым накінуў на плечы скураную жакетку і без сьняданьня спусьціўся па сходах.
У яго на сягоньня ў горадзе шмат спраў.
Ён папесьціў рукою гладкія, але замурзаныя парэнчы ўсходаў, на якіх калісьці так спрытна ўмеў зьяжджаць з чацьвертага паверху, і хутка вышаў на вуліцу. Не пашоў, а кінуўся ў вір вуліц і закавулкаў па ранічных пуставатых тротуарах. Яго крокі гулка адбіваліся і барабанным стукатам паведамлялі аб ім — аб Крушынскім. Перайшоўшы мост па Пролетарскай вуліцы, ён сунуўся налева па вузкай сьцежцы высокага абрыву над Сьвіслаччу. З правага боку сьцежкі — высокі драўляны паркан. Белыя корпусы другога савецкага шпіталю і высокія дрэвы падымаюцца над парканам. Крушынскі трохі спыніўся і пачаў любавацца відам гораду з высокага месца. Дахі дамоў, вокны блішчэлі на сонцы, шпілі касьцёлаў і цэркваў пераліваліся ў розныя колеры. Пярэстая панорама гораду раскінута, як каляровы бухарскі халат.
Рупнасьць дзелавога чалавека была ў Крушынскага трохі зьмешана з лятуценьнем романтыка, часам захапляўся хараством вакольнага.
Пастаяўшы трохі, ён раптам усхапіўся:
— Трэба сьпяшыць да Зэліка, а то будзе позна!
Ён кінуўся ў бок Пярэспы.
Дом Зэліка — вялікі, стары і нізкі. Здаецца, што разьехаўся ў бакі і зараз разваліцца. Ён мае падабенства да старасьвецкай карчмы: плоскі дах і шырокія вароты з боку тэй палавіны вялікай будыніны, якая калісьці служыла хлявом для сялянскіх і местачковых фурманак, якраз нагадвалі карчму на старадаўных беларускіх трактах. Сьцены зрыты чарвяточынамі, падобнымі да арабскіх літараў.
Крушынскі ветліва кіўнуў галавою да аднаго з вакон дому. Рыжая барада Зэліка здавалася праз шыбу патухаючым агнём.
Зэлік вышаў насустрач.
Яго нявысокая, прысадзістая фігура аддае здароўем і бадзёрасьцю. Гладка пастрыжаная галава блішчыць медзьдзю. Шэранькія вочкі колюць паветра дзьвюма вострымі шпілечкамі. Яго твар, ярка ружовы, абсыпаны плямінкамі-рабаценьнямі, зьліваецца адным колерам з барадою. У яго не прыкмячаецца