— Што вы?! Пані гаспадыня, вельмі ўсё гэта цікава!
Іван Мацьвеевіч у захапленьні. Ён заварожаны, загіпнотызаваны яе бела-ружовымі ручкамі, якія здаюцца яму надзвычайным творам скульптуры. Пры кожным пальчыку маленькая ямінка. Даўгаватыя пазуры блішчаць пэрлямутрам. Пальчыкі гаспадыні наігрываюць на нявідочным інструманце нячутную мэлёдыю…
— Добры твор мастацтва, — думае ён — Але толькі літаратурны крытык хіба разьбярэцца тут, ці пролетарскага, ці буржуазнага напрамку.
— Вы глядзіце на мае рукі? Мазалёў на іх ніколі ня было. Вы цікавіцеся, можа, маім жыцьцём? Гэта матэрыял для романістага. А што вы скажаце на крытыка, Іван Ант… выбачайне, Мацьвеевіч. Вечна блытаю. Даўно, ведаеце, сьвежага чалавека ня бачыла. Хочацца пагаварыць. А як храпе наш Крушынскі! Вось не пераношу, божачка мой! Чыстая дзярэўня. Ведаеце, чаму я сёлета не паехала на дачу ў Курганішча? Не магу там спаць па начох. Як пачнуць усе храпсьці, іграць насамі, дык у мяне ўсё нутро перавернецца. Аб чым гэта я хацела казаць?
— Вы нешта пра крытыка…
— Ага! Ён піша артыкулы па заказу. «Хваліць ці ганіць?» — пытаецца ён у заказчыка. Як прыкажуць, так і піша. Яго пяро — гэта тое самае, што торты Бычкавіцкага на імянінах. Пабрэша, пабрэша — і грошы бярэ. Ён да таго цынічны, гэты крытык, што пазычае грошы на процанты, бярэ ў залог срыбныя і залатыя рэчы, вэлёсыпэды, фотографічныя апараты і рознага гатунку каштоўнасьці. У яго кватэры праўдзівы лёмбард. Ён таксама вядзе гешэфты з чорнай біржай. Любіць золата, як пушкінскі «Скупой рыцарь». Часам ён зазывае к сабе на кватэру маленькіх дзяцей з дзядзінцу, высыпае перад імі на стол кучу залатых монэт і дазваляе забаўляцца гэтымі цацкамі. Ён ад гэтага мае вялікую прыемнасьць. Вы ня сьпіце?
— Не…
Кожны палец гаспадыніных ручак здаецца яму асобнай жывой істотай. Яе голас адганяе дрымотнасьць.
— Многія з гэтых людзей варты таго, каб іх выкінуць на сьметнік, але ліха іх не бярэ. Вы запытаеецся, чаго яны сюды ходзяць? Многа гаварыць трэба. Гэта мы адложым на іншы