Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 1-я кніга (1929).pdf/161

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У часе такой інтымнай гутаркі літаратурны крытык гаварыў аб поэзіі Антона Цярэшкі.

Пры гэтым ён ківаў галавой направа, налева, выцягваў яе наперад, нібы пробаваў, ці яна моцна яшчэ трымаецца на шчуплых плячах. Ён гаварыў з лісьлівай усьмешкай на бледных губах:

— Я, як філёзоф, павінен зрабіць заўвагу, што ў поэзіі Антона Цярэшкі ёсьць глыбокія філёзофскія думкі. Я, як марксыцкі крытык, зазначаю, што ў творчасьці нашага пролетарскага поэты надзвычайна вытрыманая ідэолёгія. Я, як культурны чытач, пераконваю вас, шаноўныя госьці, што мастацтва ў вершах славутнага таварыша Цярэшкі стаіць на вышыні сучаснасьці. Я, як…

Доўга гаварыў літаратурны крытык аб творчасьці Антона Цярэшкі, прыводзіў урыўкі з яго поэзіі. З кожным «я, як» голас у крытыка павышаўся, патос рос, вочы запальваліся большым агнём.

Антон Цярэшка ня даў яму дагаварыць, наліў у чаркі віна і выпіў з крытыкам на «брудэршафт».

Іван Мацьвеевіч уважліва прыслухоўваўся да прамовы крытыка і шапнуў на вуха гаспадыні:

— Мне вельмі прыемна, што так хваляць вашага мужа! Але-ж і крытык! Ён і філёзоф, і марксысты, і культурны чытач, і масавы. Ня дзіва, што ў яго так многа «я, як»!

— Ціха, Іван Адамавіч, выбачайце, Іван Мацьвеевіч! Хі-хі-хі! Я вам потым раскажу, раскажу пра ўсіх гасьцей. А пакуль што не жартуйце з крытыка. Во! ён на вас глядзіць. Хоць ня чуе, але па губах пазнае, што вы аб ім нядобрае гаворыце. Паглядзеце, як ён пачырванеў…

Крытык з яўнай варожасьцю пазіраў на агронома. Праз акуляры блішчэлі маленькія, хітрыя мышыныя вочкі. Як два шылы, яны калолі наскрозь Івана Мацьвеевіча. Агоньчыкі шчырай нянавісьці зіхацеліся ў гэтых вочках. Голены твар гарэў полымем. Губы былі да таго сьціснуты, што падбародак высунуўся наперад. Крытык так моцна вадзіў галавою ў бок агронома, ажна здавалася, што галава зараз сарвецца з тулава, кінецца на агронома і ўгрызецца зубамі ў яго круглыя, пульхлыя шчокі.

Прыкра зрабілася Івану Мацьвеевічу.