Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 1-я кніга (1929).pdf/155

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

у рэсторане ад сваіх «гасьцей»: заробак лёгкі. Кватэрная плата за дваццаць, прыблізна, гадоў вярнула яму гэты капітал яшчэ з коптарам. Вы самі мелі тут добрыя кватэры. Дык вось, не забывайце, што бацька ваш быў калісьці сам лёкаем у рэсторане. Яго эксплёатаваў гаспадар. Значыць (у Крушынскага вочы заблішчэлі), ён, ваш бацька і мой дзядзька, быў соцыялістым! Гэты дом? Ваш бацька яго збудаваў для дзяржавы. І вы, яго дзеці, аддаеце цяпер дом рэспубліцы!

Доктар і адвакат выставілі на стрыечнага брата зьдзіўленыя вочы:

— Як-жа гэтак?! Гэты-ж дом — наш, бацькаўскі…

— Вы павінны аддаць яго ў комхоз, жыць спакойна ў сваіх кватэрах і плаціць па стаўцы кватэрную плату дзяржаве.

— За свой уласны дом?!

— І ня будзеце тады буржуямі, гэта значыць дворнікамі гэтага дому, і зробіцеся сябрамі профсаюзу, бо адзін з вас кепскі доктар, а другі — яшчэ горшы адвакат. А дом, бяз вашай на гэта згоды, не сягоньня-заўтра і так забяруць.

Крушынскі скончыў сваё тлумачэньне дзякаўскім басам на сьпеўны царкоўны лад.

Стрыечныя браты так і зрабілі. Запушчаны, даўно нерамантаваны дом аддалі ў комхоз, які пачаў зараз-жа наводзіць у ім свае парадкі, такія-сякія рамонты рабіць.

Алесь і Пётра Крушынскія адчувалі сябе спачатку як апушчаныя ў ваду. Ім здавалася, што яны самі сябе абрабавалі, дурнямі парабіліся. Аднак, яшчэ ня верылася, што гэты дом ужо ня іхны.

Па старой гаспадарчай прывычцы яны, хаваючыся адзін ад аднаго, самі сачылі за тым, каб рамонты рабіліся акуратна, не па-тандэтнаму. У іхных сэрцах яшчэ ледзь прыкметна гралі ціхія ўласьніцкія стрункі:

… А можа… можа дачакаемся іншых часоў?..

Часта браты Крушынскія, саромячыся адзін аднаго, хадзілі-спацыравалі па вялікім падворку «свайго» дому і заглядалі ва ўсе закуткі, у хлявы, у чужыя кватэры, ці ўсё ў парадку, ці ня трэба дзе рамантаваць. «Гаспадарчае» вока песьціла кожны куток, балела за кожную адломаную цаглінку. Рупная рука прыбівала цьвікамі адарваную дошку. Кожны стук малатком у цьвік будзіў пачуцьцё ўласнасьці. Часта яны, заклапочаныя, хадзілі