разоў моцна адлупцавалі Язэпку. Ён рэдка заходзіў туды пасьля гэтага.
Сам дзядзька часта лаяў кватарантаў з падворку. Яны неакуратна плацілі за кватэры. Ён часам судзіўся з некаторымі. Прыходзілі гарадавікі і выкідвалі на вуліцу бэбахі гэтых «злосных, няпрыемных» людзей.
Кожны раз цяпер, калі Крушынскі прыяжджаў у Менск пасьля сьмерці дзядзькі і спыняўся ў гэтым доме ў аднаго з сваіх стрыечных братоў, ён успамінаў дзіцячыя гады, першыя ўражаньні ад гэтага дому і ўсіх былых яго кватарантаў.
Кожны раз, як толькі ўгледзіць фасад дзядзькавага дому з вуліцы, на яго нападаў сполах, як у дзіцячыя гады.
У 1921 годзе гаспадары дому — Алесь і Пётра Крушынскія — адчувалі сябе ня зусім добра: яны былі домаўласьнікамі.
Большасьць жыльцоў з галоўнага корпусу — былыя царскія чыноўнікі і гаспадары багатых магазынаў — кудысьці зьніклі. У кватэрах жылі зусім новыя людзі. Частка рабочых з двара і падвальных кватэр перабралася наверх. За кватэры або мала плацілі, або зусім нічога не плацілі.
Алесю і Пётру кепска жылося. Галоўнай іхнай апорай у той час былі тыя продукты, што прывозіў з Курганішча Крушынскі. Толькі тады між ім і стрыечнымі братамі моцна зьвязалася нітка крэўнасьці, слабая ў дзіцячыя гады.
Улетку Крушынскія — доктар і адвакат — выпраўлялі сваіх жанок і дзяцей на дачу ў Курганішча. А Язэп, калі прыяжджаў у Менск, заўсёды спыняўся ў сваіх стрыечных братоў.
— Домаўласьнікі вы, домаўласьнікі! — зьвярнуўся ён аднаго разу да сваіх аднафамільцаў.
У яго тоне чуваць былі кпіны моцнага чалавека над слабейшымі.
Стрыечныя браты напэўна пакрыўдзіліся-б, каб у іх ня было адчуваньня слабейшых людзей да моцнага.
— А што? — устрывожыліся яны, — вядома, домаўласьнікі!
— Надышоў час, — сказаў Крушынскі ўрачыстым настаўніцкім тонам, — і вам, домаўласьнікам, падумаць над тым, дзе вы жывеце і як жывеце. Зусім няма ў вашых галовах бацькаўскага спрыту, бацькаўскіх лічбаў. Грошы на дом ваш бацька зарабіў