яго, сына лесу і палёў, вольніцы, усходы давалі яму ілюзію замілаванага прастору.
Спачатку ён любіў бегаць па ўсходах зьнізу ўверх і зьверху ўніз. Бегаў так бесьперастанку многа разоў туды і назад і прыслухоўваўся да гулкіх водгаласаў сваіх уласных крокаў па каменьні. Ён знаходзіўся тады ў радасным ахмяленьні.
Ад шпаркага бегу гарачылася кроў, сэрца моцна тухкала. Яму здавалася, што ўсходы канца-краю ня маюць, як тая далячыня, за якою ён часта ганяўся на вёсцы.
Любіў ён глядзець з самай верхняй пляцоўкі ўніз — у чатырох-павярховую процьму. Яму было так прыемна, як тады, калі дома, бывала, узьбярэцца на высокую старую яблыню. Ён глядзеў уніз і думаў:
… Вось, каб цяпер кінуўся туды…
Ад такой думкі яму рабілася горача, кусьлівыя мурашкі бегалі па сьпіне, галава кружылася.
… Я не звалюся, бо трымаюся за парэнчы…
Парэнчы гладкія, сьлізкія. І Язэпка зрабіўся авіятарам: лётаў у паветры. Машына для гэтага была гатовая — парэнчы ўсходаў. Па іх ён сьлізгаўся зьверху ўніз — у жудасную процьму чатырох паверхаў. Ён налаўчыўся рабіць гэта з вялікім спрытам. Узьбярэцца на верхнюю пляцоўку калідору, да самай гары, узьвесіцца на парэнчы рукамі і нагамі і з імпэтам сьлізганецца… Яму здавалася, што ня ўніз едзе, а падымаецца ўверх з шалёнай хуткасьцю.
У той час гэта давала яму найвялікшую радасьць. Ён тады забываўся аб строгасьці дому, аб яго, акуратным няспрыяльным харастве і аб тым вялікім холадзе, што веяў з цёплых пакояў дзядзькі.
Не адзін раз стары дзядзька на яго сварыўся за сьлізганьне па парэнчах.
Але хлопчык ня слухаў яго, ня гледзячы на тое, што ва ўсім іншым быў вельмі паслухмяны. Гэты спорт яму надзвычайна спадабаўся.
Як трохі павучыўся ў школе, дык любіў чытаць надпісы на дошчачках, прыбітых да дзьвярэй кожнай кватэры. Мядзяныя дошчачкі, з выгравіраванымі на іх літарамі, нагадвалі яму магільнік. На дошчачках часам была напісана і профэсія кватаранта: доктар, зубны лекар, адвакат, акушэрка і іншыя.