Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 1-я кніга (1929).pdf/140

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Іх зьвязала ў гэты міг узаемная сымпатыя, нібы ў хлапчукоў-падлеткаў, якія апынуліся ў кампаніі дарослых людзей.

— Адна бяда, не бяда, але калі іх нападзе цэлая капа, дык ня ведаеш, дзе дзецца! — казаў стары гаспадар. — Зьнімі, дзядзька торбу з плеч!

— Бойся бога, пане гаспадар! Гэта-ж праўда, што адна бяда не бяда, — узрадаваўся Цыпрук: да яго чалавек па-чалавечаму загаварыў…

— А якая ў мяне бяда? — як-бы запытаўся стары гаспадар у Цыпрука, — такая, братку, бяда, што і людзям брыдка паказаць, як скулу на паганым месцы. Вось, прыкладам, сын у мяне. Марцінам завецца…

— І дзякаваць богу… — устаўляе слова Цыпрук.

— За усё мы павінны дзякаваць богу. Але сын мой во ўчора жаніўся…

— Гэта кепска, ці што?

— Жаніўся. Але ня так, як людзі жэняцца.

— А што? Бяз шлюбу?

— Горш таго. Вунь глянь: сядзяць, абняўшыся, на дварэ, каб іх ліха ды бяда абдымалі!

— Няможна так, пане гаспадару! Маладыя яны — няхай цешацца. Самая любасьць цяпер у іх. І мы былі маладымі, ці што?

— Але мы так ня дурэлі. Гэта-ж мой Марцінка за жонку сабе жыдоўку прыдбаў…

— Жыдоўку?!

Цыпрук выставіў на старога спачуваючыя вочы.

— Во то-та-ж. Кажу я сыну: гэта яшчэ поўбяды, але ж яе, жыдоўку, хрысьціць трэба — тутэйшага каваля Лейбы дачку.

— Так, хрысьціць трэба. Згодзен…

— Ты дык згодзен, але яны, каб на іх тры пагібелі і адна трасца і то мала, нязгодны…

— Во гэта горш… Новы сьвет настаў, ці што?

— Гэты новы сьвет нанёс сюды сын шаптуна, Язэп Крушынскі.

— Ці ня той самы, да якога аграмон езьдзіць, ці што?

— Той самы. Ён то чалавек ня кепскі. Сыпле грошы направа і налева, але ліха яго з грашыма! Баламуціць народ. І ўсе тут за яго гарою стаяць. Разыкоўны ён чалавек, гэты Крушынскі.